https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Шэсць беларускіх святых будуць шанавацца ва ўсіх памесных цэрквах Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ)


Такое рашэнне прынялі іерархі — удзельнікі Архірэйскага сабора РПЦ, што адбыўся 2—3 лютага ў Маскве, паведамляе афіцыйны партал Беларускага экзархата РПЦ.
Камісія па складанні календара дэталёва даследавала святцы і ўстанавіла, што ў РПЦ многія шырока ушанаваныя, у тым ліку здаўна, святыя яшчэ не ўслаўленыя ў агульнацаркоўным маштабе. Сярод трох дзясяткаў Божых угоднікаў шэсць уваходзяць у Сабор беларускіх святых: прападобны Елісей Лаўрышаўскі, прападобны Марцін Тураўскі, полацкі епіскап свяціцель Міна, святы дабраверны князь Расціслаў (ахрышчаны як Міхаіл) Смаленскі, полацкі епіскап свяціцель Сімяон, святая праведная княгіня Соф`я Слуцкая.

Елісей Лаўрышаўскі быў сынам другога вялікага князя літоўскага Траняты і займаў высокую пасаду пры двары Міндоўга. Цалкам аддаўшыся веры, прыблізна ў 1225 годзе заснаваў пад Навагрудкам мужчынскую лаўру. Прыкладна ў 1250 годзе Елісей быў забіты сваім жа маладым прыслужнікам. Прылічэнне Елісея Лаўрышаўскага да ліку святых адбылося дзякуючы з`яўленню цуду: у пачатку XVI стагоддзя татарскае войска ў страху збегла з Навагрудчыны з-за таго, што ў двары Лаўрышаўскага манастыра, дзе захоўваліся мошчы заснавальніка лаўры, яны ўбачылі нібыта конніцу. На Саборы ў Вільні ў 1514 годзе мітрапаліт Іосіф Солтан кананізаваў прападобнага. Мошчы яго згубленыя.

У пачатку XII стагоддзя Марцін Тураўскі служыў кухарам у Барысаглебскім манастыры пры Тураўскім епіскапаце. Звольнены ў вельмі сталым узросце, ён не захацеў расставацца з манастыром і прыняў манаства. Марцін пакутаваў ад мноства хвароб, набытых за доўгія гады цяжкай працы. Манах заклікаў на дапамогу святых князёў Барыса і Глеба, і, як гаворыць яго жыціе, святыя яму з`явіліся і вылечылі яго. Пасля цудоўнага вылячэння Марцін Тураўскі пражыў яшчэ год.

Міна быў узведзены ў сан епіскапа Полацкага ў пачатку XII стагоддзя, ён першы полацкі іерарх, аб якім ёсць летапіснае сведчанне. Епіскап Міна спрыяў будаўніцтву цэркваў і манастыроў на полацкай зямлі. Шануецца як адзін з першых архіпастыраў, якія сваім жыццём і служэннем спрыялі распаўсюджванню хрысціянства ў Беларусі. Калі Міна быў кананізаваны і дзе знаходзяцца яго астанкі (у Полацку ці Кіеве), невядома.

З імем князя Расціслава звязанае ўмацаванне Смаленскага княства і Смаленскай епархіі ў XII стагоддзі. Яго намаганнямі быў перабудаваны і пашыраны вялікі Успенскі сабор, пабудаваны Смаленскі крэмль і Спаскі сабор Смедыньскага Барысаглебскага манастыра. Паводле летапісу, князь памёр ад цяжкай хваробы ў 1167 годзе і быў пахаваны ў Кіева-Феадораўскім манастыры.

Сімяон належаў да роду полацкіх князёў. У XIII стагоддзі, з`яўляючыся полацкім епіскапам, заснаваў за гарадскімі сценамі Нікольскі манастыр. Трапіўшы ў няміласць княства, знайшоў прыстанак у Цверы. Ужо на схіле жыцця Сімяон прыклаў шмат намаганняў для будаўніцтва каменнай царквы ў імя Збавіцеля. Прадчуваючы блізкі скон, старац у 1287 годзе асвяціў пераносны прастол, каб мець магчымасць праводзіць набажэнствы ў яшчэ не завершаным храме. Да заканчэння будаўніцтва царквы ён не дажыў. Яго нятленныя астанкі спачываюць ў Цвярскім саборным храме.

Соф`я паходзіла з старажытнага роду Алелькавічаў, што княжылі ў Слуцку. Княгіня Слуцкая была непрымірымай праціўніцай царкоўнай уніі 1596 года. Пераканала свайго мужа князя Нясвіжскага Януша Радзівіла атрымаць у караля польскага грамату, якая забараняла гвалтоўна прымушаць праваслаўных вернікаў у яе уладаннях пераходзіць ва ўніяцтва. Соф`я таксама клапацілася аб забеспячэнні манастыроў, цэркваў і кліру, ахвяравала на храмы. Памерла ў 26 гадоў пры родах. Была пахаваная ў слуцкім Свята-Троіцкім манастыры. Пасля рэвалюцыі 1917 года яе нятленныя мошчы былі перавезеныя ў Мінск, сёння яны захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы.

Захар Щчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 4 лютага 2016
 
Дата публикации:04.02.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:512
 
Ключевые слова:
Марцін Тураўскі Епіскап Міна Сімяон Міхаіл Смаленскі Елісей Лаўрышаўскі Соф`я Слуцкая Христианство Религия Православие
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме