Удзел у мерапрыемстве прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржорганаў, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных арганізацый, нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі грамадскасці Мінска.
Адбылася цырымонія закладкі капсул з зямлёй з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх святых. У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай рэлігійных канфесій, а таксама дыпламатычных прадстаўніцтваў сямі замежных дзяржаў — Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Італіі, адкуль прыбылі капсулы з зямлёй з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы.
На сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, нацыянальных аб’яднанняў і дыпламатычных місій у зале Храма-помніка ў гонар Усіх святых Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта самае цяжкае, калі чалавек гіне ўдалечыні ад сваёй роднай зямлі, і выказаў надзею, што цяперашняму пакаленню беларусаў аддасца за тое, што праз гады і дзесяцігоддзі яны вяртаюць прах загінулых продкаў на Радзіму. «Мы расцэньваем гэту духоўную падзею як сімвалічны знак, які служыць красамоўным напамінам чалавецтву пра тое, якімі трагедыямі абарочваюцца войны для народаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нашых розумах і сэрцах не павінна быць месца агрэсіі і гвалту. Нельга дапусціць новых крывавых канфліктаў. Гэтага патрабуе як гістарычная памяць, так і клопат пра дабрабыт будучага сусветнай супольнасці».
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што новы ўнікальны праект па ўвекавечанні памяці землякоў знойдзе поўную падтрымку ў беларускага народа і годны працяг. «Сам жа храм пры гэтым павінен стаць сімвалічным месцам яднання прадстаўнікоў усіх грамадска-патрыятычных сіл Беларусі незалежна ад іх сацыяльнага статусу, палітычных поглядаў, этнічнай ці канфесійнай прыналежнасці», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі рэлігійных канфесій у гутарцы з Прэзідэнтам звярнулі ўвагу на асаблівы настрой, які пануе ў беларускім грамадстве, яго талерантнасць, што дазваляе мірна суіснаваць людзям рознай веры.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што багаты вопыт канструктыўных міжнацыянальных і рэлігійных адносін, назапашаны ў Беларусі, можа быць запатрабаваным у сучасных умовах, калі гэтыя аспекты набылі асаблівую вастрыню ў розных пунктах планеты. «Мы будзем толькі рады пашырэнню ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі ў самых розных сферах. І, у прыватнасці, у прасоўванні гэтага ўнікальнага праекта па ўвекавечанні памяці нашых землякоў. Мы будзем весці пошукавыя працы ў розных краінах, дзе гінулі беларусы ў перыяд Другой сусветнай вайны, а таксама пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў наступныя гады. Шанаваць памяць загінулых — справа гонару любога народа, больш за тое — беларускага», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на тым, што няправільны ўхіл чалавецтва бярэ не толькі ў пытаннях, якія тычацца войнаў, але і духоўных каштоўнасцяў. Прэзідэнт нагадаў, што выступаючы на саміце ААН, ён перасцярог ад нівелявання традыцыйных сямейных адносін. Ён адзначыў, што традыцыйная сям’я, як і міжканфесійны дыялог, — гэта вельмі важна. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што адрозненні ў веры не павінны служыць падставай для рознагалоссяў.
Выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве «Малітва за Беларусь», Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Жыхары Беларусі ацэньваюць міжнацыянальныя адносіны ў краіне як спакойныя. У нас няма дыскрымінацыі па канфесійнай і нацыянальнай прыкметах. Не ведаю, ці ёсць яшчэ такая краіна на планеце, дзе кіраўнікі розных рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў не толькі сябруюць паміж сабой, але і актыўна дапамагаюць адзін аднаму».
Прэзідэнт адзначыў, што пад небам Беларусі сёння жывуць у згодзе, уступаюць у шлюб, выхоўваюць сумесных дзяцей прадстаўнікі больш за 140 нацый і народнасцяў. «У нашым краі стагоддзямі перасякаліся дарогі розных этнасаў і культур. Мы не толькі стваралі ўласныя духоўныя каштоўнасці, але і ўзбагачаліся творчай спадчынай людзей, якія з тых ці іншых прычын пакінулі сваю гістарычную радзіму», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічнай урачыстую цырымонію «Малітва за Беларусь». «Малітва — гэта не толькі зварот вернікаў да Бога, але і выказванне шчырых і глыбокіх пачуццяў кожнага з нас і ўсяго беларускага народа да сваёй Радзімы — нашага агульнага дому, пра дабрабыт якога мы штодзённа клапоцімся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў краіне істотна прасунуліся ў вырашэнні адной з самых балючых праблем сучаснасці, якая вельмі характэрная і актуальная для еўрапейцаў, — дэмаграфічнай. У Беларусі прыкметна павысіліся працягласць жыцця і нараджальнасць. На думку кіраўніка дзяржавы, у значнай ступені гэтаму спрыяе рэалізацыя праграм па сацыяльнай падтрымцы грамадзян. «Але, мабыць, не менш важны фактар — стварэнне ў краіне атмасферы ўпэўненасці людзей у сваёй будучыні, у стабільнасці і абароненасці нашай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў падмурку свецкіх прынцыпаў сучаснага ўладкавання жыцця ляжаць рэлігійныя пастулаты і ўяўленні. «Выкладзеныя ў Бібліі, Торы, Каране запаведзі з’яўляюцца асновай маральных нормаў, якія вызначаюць і рэгулююць паводзіны чалавека. Як толькі грамадства пачынае іх ігнараваць, зменліва трактаваць, слухаць шарлатанаў, псеўдапрарокаў і празорцаў, як правіла, здараюцца сацыяльныя катаклізмы. Слова трансфармуецца ў зброю разбуральнай сілы», — лічыць Прэзідэнт.
«Паверце: страшна, калі вайна, страшна, калі ў выніку гінуць людзі. Але яшчэ страшней — калі мы адыходзім ад фундаментальных маральных прынцыпаў. Войны, раны ад войнаў загойваюцца.
Сведчанне таму — Другая сусветная і Вялікая Айчынная войны.
Але парушэнне фундаментальных маральных прынцыпаў — гэта на стагоддзі. Таму нам трэба як ніколі быць асцярожнымі і акуратнымі, асабліва ў гэты неспакойны і часам незразумелы час», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Сведчанне таму — Другая сусветная і Вялікая Айчынная войны.
Але парушэнне фундаментальных маральных прынцыпаў — гэта на стагоддзі. Таму нам трэба як ніколі быць асцярожнымі і акуратнымі, асабліва ў гэты неспакойны і часам незразумелы час», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Сёння ўмацаванне нашай дзяржаўнасці шмат у чым залежыць ад таго, наколькі светапогляд пастыра або актывіста нацыянальна-культурнага аб’яднання сугучны з яго павагай да народа і верай у краіну», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«У многіх з прысутных ёсць светапоглядныя, багаслоўскія адрозненні. Але перад намі стаіць агульная задача: максімальна збліжаць пазіцыі па грамадска значных пытаннях. Выхоўваць нашых грамадзян у духу ўзаемаразумення і добрасуседства. Вучыць іх міласэрнасці і верацярпімасці, згодзе і клопаце аб блізкім», — сказаў Прэзідэнт.
На яго думку, асабліва значнымі ў гэтым плане з’яўляюцца зацвярджэнне высокіх ідэалаў маральнасці, выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення, падтрымка сям’і, мацярынства і дзяцінства. «Словам, забеспячэнне годнай сучаснасці і будучыні нашай краіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння зямны шар расколваецца ад крывавых канфліктаў. У міжусобную бойню ўцягнулі нават нашых суседзяў, братоў-украінцаў. Яны дзясяткамі тысяч бягуць ад вайны, у тым ліку і да нас. Ад расказанага бежанцамі часам кідае ў жах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«На гэтым фоне беларускія грамадзяне асабліва ясна адчулі цеплыню роднага дому. Той ціхай сінявокай мясціны, дзе не рвуцца снарады, не галосяць маці, не гінуць бездапаможныя дзеці і старыя», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў былыя часы Беларусь вельмі часта станавілася скрыжаваннем, на якім у смяротнай сутычцы сыходзіліся арміі ваюючых дзяржаў. «Наш народ вынес столькі пакут, што назаўсёды выпрацаваў у сабе імунітэт супраць усякага гвалту. І цяпер аснова нашай знешняй палітыкі — міралюбнасць», — заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гістарычная памяць і добрыя традыцыі з’яўляюцца надзейным падмуркам дабрабыту грамадства і стабільнасці любой краіны. «Вернасць маральным прынцыпам, спагадлівасць і чалавечнасць, як кажуць у Беларусі, людскасць — вось сакрэт той духоўнай сілы нашага народа, дзякуючы якой ён паспяхова вытрымаў усе гістарычныя выпрабаванні і пабудаваў сваю суверэнную дзяржаву», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На беларускай зямлі будзе безумоўна забяспечаны мір, заявіў Прэзідэнт. «Беларускай дзяржаве быць вечна. Мы нікому ніколі не аддадзім ні пядзі сваёй зямлі, не прэтэндуючы на землі іншых», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошні час асабліва часта бачыць рознага роду інсінуацыі і маніпуляцыі. «Гэта адзінкі нашых грамадзян, але яны ёсць, якія спрабуюць тое, што адбываецца ва Украіне, павярнуць унутр Беларусі і ператварыць у нейкую брудную палітычную кампанію. Бо сапраўды вялікае шчасце, калі народ жыве ў міры. Калі няма міру — не трэба нічога: тады ні прадукты харчавання, ні адзенне, ні цэны на іх не значаць нічога. Спытайце ў гэтых бежанцаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Мы ўсё можам самі зрабіць сваімі рукамі ў роднай Беларусі пры наяўнасці толькі адной умовы — міру і спакою. І будзьце ўпэўненыя: як бы ні было складана і цяжка, мір і бяспеку для нашых грамадзян, тых 10 мільёнаў жыхароў і двух-трох мільёнаў гасцей, якія прыбываюць да нас у краіну, мы забяспечым, чаго б нам гэта ні каштавала, таму што мір — гэта самае дарагое, што можа быць у чалавека для яго росквіту і прагрэсу», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў суайчыннікам міру, шчасця і росквіту.
Звязда, 3 кастрычніка 2015