Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў у час прэзентацыі выстаўкі Беларускага тэлеграфнага агенцтва ў Расійскім культурным цэнтры ў Тэль-Авіве.
Уладзімір Скварцоў пазітыўна ацаніў дынаміку беларуска-ізраільскіх адносін за апошнія гады. На ўрачыстым вечары, прысвечаным завяршэнню цыкла мерапрыемстваў з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама 15-годдзя стварэння Саюзнай дзяржавы, прысутнічалі прадстаўнікі ізраільскай палітычнай эліты, дыпламатычнага корпуса, аб`яднанняў ветэранаў вайны, СМІ і мясцовай грамадскасці.
Старшыня лігі парламенцкай дружбы "Ізраіль - Беларусь" Софа Ландвер, лёс сям`і якой звязаны з Мінскам, асабліва адзначыла, што ў Беларусі беражліва захоўваюць гістарычную памяць аб ваенных падзеях. Яна падкрэсліла вялікую значнасць пагаднення аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Ізраілем, якое ўступае ў сілу з 26 лістапада, для далейшага развіцця гуманітарных кантактаў і ўсяго комплексу двухбаковых адносін.
Цыпі Ліўні, вядомы ізраільскі палітык, якая ў розны час займала пасады віцэ-прэм`ера і кіраўніка шэрага міністэрстваў, бацька якой - ураджэнец Гродна, заявіла аб гатоўнасці рабіць усё магчымае для ўмацавання адносін паміж Ізраілем і Беларуссю.
Часовы павераны ў справах РФ у Ізраілі Аляксей Драбінін лічыць важным, што ў Расіі, Беларусі і Ізраілі існуюць адзіныя ацэнкі падзей Вялікай Айчыннай вайны, а таксама разуменне неабходнасці захавання гістарычнай праўды. Правёўшы паралелі паміж дзвюма значнымі датамі - 70-годдзем Перамогі і 15-годдзем стварэння Саюзнай дзяржавы, дыпламат адзначыў актуальнасць захавання трывалых дружалюбных сувязей Расіі і Беларусі.
Выстаўка БЕЛТА, якая размясцілася ў залах Расійскага культурнага цэнтра ў Тэль-Авіве, складаецца з дзвюх частак: "Перамога - адна на ўсіх" і "Беларусь - зямля пад белымі крыламі". Першая экспазіцыя расказвае аб такіх значных падзеях у гісторыі беларускага народа, як аперацыя "Баграціён", вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама ўключае фатаграфіі ўдзельнікаў ВАВ.
Экспазіцыя "Беларусь - зямля пад белымі крыламі" прысвечана сучаснаму жыццю рэспублікі і яе дасягненням. У прыватнасці, наведвальнікі могуць убачыць многія выдатныя мясціны Беларусі, у тым ліку Налібоцкую і Белавежскую пушчы, Мірскі замак, Аўгустоўскі канал, Браслаўскія азёры. На фота прадстаўлены нацыянальныя абрады і святы, дасягненні прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Акрамя таго, адзін з раздзелаў прысвечаны беларуска-ізраільскім адносінам.
Як адзначыў Уладзімір Скварцоў, гэта выстаўка, якая экспануецца з чэрвеня 2015 года на розных пляцоўках у Ізраілі, выклікала вялікую цікавасць як сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары, так і карэнных ізраільцян. "У нашу дыпламатычную місію ў Тэль-Авіве паступіла нямала пазітыўных водгукаў з удзячнасцю за магчымасць мець дачыненне да гераічнага мінулага і самабытнай культуры Беларусі, убачыць яркія моманты будняў і святочных дзён яе жыхароў. Упэўнены, што дзякуючы такой прэзентацыі нашай краіны Беларусь і Ізраіль зрабілі яшчэ адзін практычны крок у інтарэсах умацавання ўзаемаразумення, даверу і развіцця міжчалавечых кантактаў", - падкрэсліў пасол.
Пры гэтым, паводле яго слоў, выстаўка БЕЛТА цікава не толькі прадстаўнікам старэйшага пакалення, але і моладзі. "Як высветлілася, для кагосьці з наведвальнікаў сталага ўзросту экспазіцыя ў пэўнай ступені звязана з пачуццём настальгіі па далёкай малой радзіме. Ёсць тыя, хто, нарадзіўшыся ўжо ў Ізраілі, шчыра цікавіцца беларускімі каранямі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Акрамя таго, выстаўку наведваюць ізраільцяне, якія не маюць гістарычнай сувязі з беларускай зямлёй, але якія, паводле іх слоў, жадаюць выйсці за рамкі пэўных інфармацыйных стэрэатыпаў і больш, з першых вуснаў, даведацца пра Беларусь. Пра краіну, якая належыць да невялікай групы дзяржаў, не замешаных ні ў якіх міжнародных канфліктах, што змагла ўберагчыся ад унутраных міжнацыянальных і рэлігійных разладаў і знаходзіцца ў эпіцэнтры новай хвалі інтэграцыі на еўразійскай прасторы", - дадаў Уладзімір Скварцоў.
Экспазіцыя, падрыхтаваная Беларускім тэлеграфным агенцтвам ва ўзаемадзеянні з пасольствам Беларусі ў Ізраілі, будзе таксама ў далейшым дэманстравацца ў Ашдодзе і Нетаніі.
8 кастрычніка 2015, Мінск
Марта Астрэйка - БЕЛТА
8 кастрычніка 2015, Мінск
Марта Астрэйка - БЕЛТА