https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дваццаць чатыры гады таму спыніў існаванне СССР


8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі "Віскулі" ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і кіраўнікі ўрадаў трох славянскіх рэспублік СССР падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Гэтак званае Белавежскае пагадненне паклала канец 69-гадовай гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прычым пра спыненне існавання СССР як суб`екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці аб`явілі лідары трох савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі. 

Праз 13 дзён, 21 снежня, у Алма-Аце кіраўнікі 11 новых суверэнных дзяржаў (апрача прыбалтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол да пагаднення аб стварэнні СНД, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік супрацоўніцтву ў розных сферах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР. У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія. Але ў 2009 годзе, праз год пасля ўзброенага канфлікту з Расіяй, яна пакінула гэтае міждзяржаўнае ўтварэнне. З сакавіка 2014 года на парозе прыняцця такога рашэння знаходзіцца Украіна.

Садружнасць дзейнічае на падставе статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22 студзеня 1993 года. У ім вызначаныя ўмовы членства ў СНД, сфармуляваныя мэты і прынцыпы калектыўнай бяспекі і ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, прадухілення канфліктаў і вырашэння спрэчак, узаемадзеяння ў эканамічнай, сацыяльнай і прававой абласцях, міжпарламенцкіх сувязяў, замацаваная суверэнная роўнасць усіх членаў. Падкрэслена, што краіны, якія ўваходзяць у СНД, з`яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб`ектамі міжнароднага права. 

Садружнасць не з`яўляецца дзяржавай і не валодае наднацыянальнымі паўнамоцтвамі. Узаемадзеянне краін у межах СНД ажыццяўляецца праз яго інстытуты каардынавання: Савет кіраўнікоў дзяржаў, Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую асамблею, Выканаўчы камітэт.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 снежня 2015
 
Дата публикации:08.12.2015
Тематика:Культура, Экономика
Просмотров:773
 
Ключевые слова:
СССР Содружество независимых государств Беловежское соглашение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме