https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Расплюшчыць вочы і адчыніць акно…


Юныя аўтары часопіса «Бярозка», які выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда», — не толькі рэальныя носьбіты роднай мовы, але і яе апекуны-заступнікі. Іначай не пісалі б яны пра яе вершы, эсэ і нават казкі. Зрэшты, пераканайцеся самі. Згадаўшы, што акурат сёння ў роднай мовы свята — яе дзень.
Моўныя эксперыменты

Ці ёсць сярод вашых сяброў тыя, хто карыстаецца беларускай мовай штодзённа, а не толькі на школьных занятках? У мяне такія знаёмыя ёсць, і я доўгі час ім зайздросціў, бо думаў, што сам так не змагу. Але вырашыў: буду спрабаваць! Прынамсі, тыдзень буду размаўляць толькі па-беларуску!

Гонар падказваў: абяцанні трэба выконваць. У панядзелак зранку мо з паўгадзіны блытаўся ў словах, потым пайшло. Першымі, хто пачуў «новага мяне», былі бацькі. Яны не вельмі здзівіліся, бо дома я часам карыстаўся роднай мовай, але хвілін па пяць, не болей, пра што яны мне і нагадалі. І гэтыя іх словы сталі для мяне ўжо другім выклікам. Вера мая ў тое, што змагу, рабілася ўсё мацнейшай. У школе на кожным перапынку я размаўляў толькі па-беларуску, што, як і чакалася, выклікала ў маіх школьных сяброў розныя эмоцыі і ўражанні: адны падтрымалі — раблю, маўляў, добрую справу, іншыя, наадварот, глядзелі ў мой бок з нейкай непавагай, быццам я займаюся «паказухай» і хутка гэта скончыцца. Я радаваўся, што другіх аказалася значна меней.

Першай, хто ацаніў мой моўны эксперымент па-сапраўднаму, была настаўніца беларускай мовы. Яна здалёк пачула, як я размаўляю з сябрамі, і паддала мне яшчэ большай ахвоты працягваць гэтую справу. Так пачаўся тыдзень майго беларускамоўнага жыцця. На трэці дзень школьных сяброў было не здзівіць, хоць у горадзе я працягваў лавіць зацікаўленыя позіркі. Вялізныя здзіўленыя вочы прадаўцоў з супермаркета без смеху не магчыма згадваць. Некаторыя сябры і дзяўчына спрабавалі карыстацца беларускай мовай разам са мной, і хоць гэта ў іх часам не вельмі атрымлівалася, я ўдзячны ім нават за спробы.

Яшчэ ў першую ноч таго тыдня я пачаў думаць над прамежкавымі вынікамі свайго эксперымента. Можа, тыя хлопцы і дзяўчаты мелі рацыю: гэта «паказуха»? Але дакладна не з мэтай набыць танны аўтарытэт. Хутчэй, гэта «рэклама» беларускага ладу жыцця, у якім ніхто не цураецца роднай мовы і не здзіўляецца, пачуўшы яе. Я паказаў усім, каго сустрэў на тым тыдні, што калі я карыстаюся беларускай мовай, дык застаюся сучасным гарадскім хлопцам, а не раблюся якімсьці «простым» ці вяскоўцам. Скончыўшы эксперымент (які лепш назваць пераходам, бо я пабачыў, што магу, а раз магу, значыць, буду), я прыйшоў да сумнай высновы: шмат хто яшчэ лічыць, што беларуская мова жыве толькі ў беларускіх вёсачках, а ў гарадах ёй няма месца. На жаль, такія думкі наведваюць нават тых, хто шкадуе родную мову і мог бы за яе заступіцца, але чамусьці не робіць гэтага. Менавіта для такіх я і рабіў сваю справу, якая з цягам часу ператварылася ў лад майго жыцця. Я гавару на беларускай мове, прымаючы выклік асяроддзя, карыстаюся ёю цяпер, даючы прыклад іншым, і буду размаўляць далей — бо гэта мая родная мова, дык чаму б не?..

Уладзіслаў Труханаў,
10 «А» клас, сярэдняя школа №1, Докшыцы.

  *  *  *
Асабовы займеннік

У казачнай краіне Лінгвістыцы жыла-была чараўніца. Звалі яе Марфалогія. Разам са сваёй сястрой Фанетыкай яна кіравала гэтай краінай. Звычайна ўсе валадары вельмі адзінокія, хоць вакол іх і тоўпіцца незлічоная колькасць прыдворных, целаахоўнікаў, прыслугі ды і проста падхалімаў…

Марфалогіі таксама было б вельмі самотна, калі б не яе дзеці — часціны мовы. Кожная з іх мела свае абавязкі.

Самым старэйшым быў Назоўнік. Ён штодзень уставаў на досвітку і браўся за работу. Назоўнік вельмі ганарыўся тым, што амаль ніводны сказ не можа абысціся без яго, таму і задзіраў нос, лічачы сябе адметным, важнейшым за іншых. З гэтае прычыны ён часта сварыўся з братам Дзеясловам, які таксама пачуваў сябе самым-самым, лепшым нават за старэйшага брата.

Амаль кожны вечар Назоўнік і Дзеяслоў спрачаліся:
— Я галоўны, бо я абазначаю прадмет! — крычаў першы.
— А што твой прадмет без дзеяння? — распыляўся другі.
— Супакойся і ўзгадай, чыё дзеянне ты абазначаеш?
— І тым не менш я — галоўны, што б ты там сабе ні думаў! — лямантаваў Дзеяслоў.

Іншы раз браты нават за чубы хапаліся, і тады астатнія часціны мовы расцягвалі іх у розныя бакі.

Трэці брат, Прыметнік, у спрэчку старэйшых не ўступаў, жыў ціха, у згодзе з Назоўнікам, пабойваўся і недалюбліваў Дзеяслова, таму ніколі не меў з ім аніякіх спраў. Прыметнік аддана абазначаў прыкметы назоўніка і быў вельмі задаволены сваім жыццём.

А вось самы малодшы вылучаўся адметнасцю, быў не падобны да іншых. Нават імя ў яго доўга не было. Маці Марфалогія прыставіла немаўля да Назоўніка, каб тое вучылася ў старэйшага розуму.

Спачатку Назоўнік дужа зарадаваўся: «Вось які я разумны, да мяне нават вучыцца ідуць!». Але хутка радасць прайшла. Пачаў Назоўнік злавацца на брата, скардзіцца маці:

— Што ж гэта такое?! Не паспела ў гэтага выскачкі малако на вуснах высахнуць, а ён ужо намагаецца замест мяне ў сказ улезці, маё месца заняць, замест майго імя выступае! Займеннік! Брыдкі займеннік! Сам жа нічога з сябе не ўяўляе! Толькі і дзяўбе адно: Я, ТЫ, МЫ, ВЫ, ЁН, ЯНА, ЯНО, ЯНЫ! Бач ты, асоба важная! ЗАЙМЕННІК! АСАБОВЫ ЗАЙМЕННІК!

Так і пачалі малодшага брата клікаць Займеннікам.

Канчаткова раззлаваўшыся на тое, што апошні выціскае яго са сказа, Назоўнік, калі маці Марфалогія некуды адхінулася, прагнаў Займенніка ад сябе і стаў працаваць адзін.

З гэтага атрымалася вось што: кніжкі стала нецікава чытаць. Ляжалі яны на паліцах, пакрываліся пылам. Занепакоілася Марфалогія і ўгаварыла старэйшага сына папрасіць прабачэння ў пакрыўджанага Займенніка, зноў прыняць яго ў тэксты. Паслухаўся маці ўпарты Назоўнік, хоць і вельмі цяжка было яму адступіць ад сваіх прынцыпаў. Ды толькі маці ніколі дзецям нічога дрэннага не параіць, таму яны заўсёды павінны яе слухацца!

З таго часу ўсе часціны мовы сталі жыць у згодзе і сяброўстве. І кніжкі больш не залежваліся на паліцах.

Аляксандра Белая,
7 клас, Крывіцкая СШ, Мядзельскі раён

*  *  *

Песня мілагучная
З вуснаў маіх зрываецца…
З вуснаў маіх зрываецца —
І ўсё ляціць, не спыняецца!

Словамі роднай мовы
Песня пераліваецца…
З вуснаў маіх зрываецца —
І ўсё ляціць, не спыняецца!

Дамінік Мацукевіч
,
5 «А»клас, гімназія № 10, Мінск.

*  *  *
Мова родная

Песняй цудоўнай, свабоднаю,
Льецца мова мая родная!
Запаветны глыток вадзіцы,
З чыстай празрыстай крыніцы.

Як пачую яе — ганаруся,
Што жыву я ў сваёй Беларусі!
Песняй цудоўнай, свабоднаю,
Льецца мова мая родная!

Марыя Кіркевіч,
10 клас, СШ № 25, Мінск.

Звязда, 21 лютага 2015 
 
Дата публикации:21.02.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1146
 
Ключевые слова:
Международный день родного языка Беларуская мова "Бярозка"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме