https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Правядзенне рэферэндуму аб адмене смяротнай кары ў Беларусі зараз немэтазгоднае


Такую думку выказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Мікалай Самасейка.
"Для поўнай адмены смяротнай кары, магчыма, і патрэбны рэферэндум. Але наконт гэтага яшчэ ідуць спрэчкі. Чаму? Таму што пытанне смяротнай кары знаходзіцца ў тым раздзеле Канстытуцыі, які можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму. Але там жа, у гэтым жа раздзеле, і напісана, што смяротная кара захоўваецца да яе адмены. Такім чынам, нібыта ўжо і закладзеная (яе адмена)", — растлумачыў Самасейка, які з`яўляецца кіраўніком рабочай парламенцкай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнай кары.

Дэпутат падкрэсліў, што з`яўляецца прыхільнікам паэтапнага падыходу да вырашэння пытання аб смяротнай кары. "Спачатку абвясціць мараторый на смяротную кару, для гэтага рэферэндум не патрэбны, гэта вырашае прэзідэнт ці парламент", — сказаў ён.

Пры гэтым Самасейка зазначыў, што пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротную кару знаходзіцца "на стадыі абмеркавання яго мэтазгоднасці". "Рашэнне можа быць прынятае, калі зменіцца меркаванне — і грамадскае, і дэпутатаў у тым ліку, — сказаў Самасейка. — У заключэнні Канстытуцыйнага суда сказана, што ўвядзенне мараторыя можа быць ініцыяванае або прэзідэнтам, або парламентам. Меркаванне прэзідэнта вы ведаеце. Меркаванне дэпутатаў, будзем шчырыя, у нейкай ступені залежыць ад меркавання прэзідэнта. Апрача таго, дэпутаты, як выразнікі волі народа, грамадства, якое іх выбрала, далёка не ў большасці за ўвядзенне мараторыя. Таму трэба працаваць з дэпутатам і грамадствам".

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе смяротная кара. Гэта з`яўляецца адной з галоўных прычын, з-за якой Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы. Закранаючы праблему смяротнай кары, беларускія ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, падчас якога большасць грамадзян выказаліся за захаванне гэтага віду пакарання.

Выступаючы ў красавіку гэтага года на пасяджэнні камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) у Страсбургу, Самасейка заявіў, што Беларусь гатовая да абмеркавання з Саветам Еўропы пытання адмены смяротнай кары.

Між тым намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску сказаў, што Беларусь не мае патрэбы ў адмене смяротнай кары. Ён таксама прывёў статыстыку смяротных прысудаў. У 2009 годзе, паведаміў Стук, у Беларусі былі пакараныя смерцю два чалавекі, у 2010-м — таксама два, у 2011 годзе — трое, у 2013-м — чацвёра. У 2012 і 2014 гадах смяротныя прысуды ў выкананне не прыводзіліся. У 2015 годзе адзін смяротны прысуд ужо вынесены, але яшчэ не набыў моц, асуджаны мае намер яго абскардзіць.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 чэрвеня 2015
 
Дата публикации:26.06.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1246
 
Ключевые слова:
Смертная казнь Совет Европы Конституция Референдум
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме