Упаўнаважаны па пытаннях супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятыў МЗС ФРГ Гернат Эрлер ад імя федэральнага ўрада Германіі папрасіў прабачэння перад сваякамі пацярпелых і тымі, хто выжыў пасля злачынстваў нацысцкага рэжыму, на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.
Публічныя прабачэнні нямецкі чыноўнік прынёс 4 мая ў Мінску ў прысутнасці прыкладна 200 удзельнікаў мемарыяльнай паездкі "Памятаем дзеля еўрапейскай будучыні" з Аўстрыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля і Чэхіі, арганізаванай Мінскім і Дортмундскім міжнароднымі адукацыйнымі цэнтрамі, шэрагам еўрапейскіх фондаў, ініцыятыў і цэркваў.
Адказваючы на пытанне нямецкага журналіста, Эрлер зазначыў, што ён стаў першым прадстаўніком уладаў Германіі, які афіцыйна прынёс прабачэнні Беларусі за дзеянні Трэцяга рэйха. "Зусім не абавязкова, каб беларускае грамадства і ўрад сёння былі гатовыя да сумеснай працы на гэтую тэму, бо жах злачынстваў [у часы вайны] на гэтай тэрыторыі проста неймаверны, — сказаў прадстаўнік МЗС ФРГ. — Дыктатура нацыстаў ўварвалася на тэрыторыю СССР, Беларусь прыняла на сябе ўсю моц першага ўдару. Ад Беластока да Мінска ў першыя месяцы вайны гінулі і траплялі ў палон савецкія салдаты, мірнае насельніцтва стала ахвярай нацысцкага акупацыйнага рэжыму. Вайна вялася на татальнае знішчэнне. Беларусь страціла 2,5 мільёна чалавек, і наўрад ці ў Еўропе знойдзецца яшчэ адно такое месца, дзе знішчэнне яўрэйскага насельніцтва было такім жорсткім".
"Гэта злачынства, якое мы не маем права забыць і не забудзем, — падкрэсліў Эрлер. — Яно не мае сабе роўных, і гэта цёмная гісторыя па-ранейшаму нас турбуе. Як і раней, яна кідае цень на адносіны паміж многімі народамі Еўропы. Сёння мая краіна поўнасцю ўсведамляе сваю гістарычную адказнасць за тое, што тады здарылася".
У гутарцы з журналістамі ўпаўнаважаны МЗС ФРГ зазначыў, што гэты жэст — просьба аб дараванні — вельмі важны "для захавання памяці, для таго, каб і ў далейшым можна было весці дыялог аб узаемаразуменні з мэтай прымірэння". Паводле слоў Эрлера, Германія не чакае ад афіцыйных уладаў Беларусі ніякага водгуку на гэты жэст. "Адзінае, чаго я жадаю, дык гэта супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці", — падкрэсліў нямецкі чыноўнік.
У адказ намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур`янаў заявіў: для Беларусі "прыемна чуць і разумець, што цяперашняе пакаленне германскіх палітыкаў і грамадзян разумеюць, якім чынам гэтая гісторыя паўплывала на развіццё, у тым ліку Беларусі". "Мы павінны зыходзіць з таго, што гэтыя прабачэнні з`яўляюцца перш за ўсё напамінкам гэтаму пакаленню пра тое, чаго мы не павінны дапусціць у далейшым", — сказаў намеснік міністра.
Гур`янаў звярнуў увагу на тое, што Беларусь "ніколі не ставіла пытанне аб афіцыйных прабачэннях як аб перашкодзе для двухбаковага супрацоўніцтва". "Мы ўжо даўно і актыўна супрацоўнічаем і ўспамінаем мінулае толькі для таго, каб ушанаваць памяць ахвяраў", — падсумаваў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 4 мая 2015
Мінск, 4 мая 2015