"Глыбока паважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі! Свет заходняга хрысціянства адзначае адно з самых вялікіх, самых прыгожых, самых папулярных святаў — свята Божага Нараджэння. Сваімі думкамі мы пераносімся ў далёкі Бэтлеем — туды, дзе Бог уцелавіўся, туды, дзе далёкі Бог стаў блізкім. Дзе ён прыйшоў у наш свет з чалавечым тварам і з чалавечым сэрцам, каб быць блізка да чалавека. Гэты момант стаўся зваротным у гісторыі чалавецтва, бо Бог пачаў спадарожнічаць чалавеку, будучы разам з ім, каб раздзяліць яго радасці, клопаты, каб дапамагаць яму. <…>
Бог з намі на ўсе часы, каб мы не заставаліся аднымі — у гэтым праяўляецца вялікая любоў Бога. У наш час, час наступаючага секулярызму, мы павінны думаць не толькі аб нашым матэрыяльным дабрабыце, але і аб тым, каб Бог быў у нашых сэрцах і душах. Таму свята Божага Нараджэння не павінна пераўтварыцца толькі ў свята падарункаў, у свята, калі мы ідзем у госці. Гэта свята павінна стацца святам Нараджэння Сына Божага ягонай ласкай у нашых сэрцах і ў нашых душах.
Я віншую сёння сваіх адзінаверцаў-каталікоў. Віншую таксама іншых хрысціянаў, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята. Са словамі віншавання звяртаюся таксама да праваслаўных братоў і сясцёр, якія рыхтуюцца праз два тыдні святкаваць падобнае свята. Розніца календараў, розніца традыцый не з`яўляецца розніцай нашай веры ва ўцелаўленне Сына Божага. Мы верым у адну і тую ж таямніцу прышэсця Збаўцы ў гэты свет. І сёння мы разам павінны адказваць на выклікі нашага часу. Вельмі небяспечныя выклікі, калі лагічнае становіцца нелагічным, а Божы Закон часамі нават лічыцца абсурдам. Мы павінны разам абвяшчаць Евангелле і разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці, вяртацца да хрысціянскіх каранёў, бо дрэва з падрэзанымі каранямі засохне.
Са святам, дарагія браты і сёстры! Радасных, вясёлых святаў Божага Нараджэння! Поўнай Божай ласкі і шчаслівага Новага года!
БелаПАН, 24 снежня 2014