Беларусь займае 36-ю пазіцыю сярод 173 дзяржаў па індэксе становішча дзяцей і ўваходзіць у лік найбольш паспяховых краін свету. Аб гэтым заявіў намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік 12 лістапада на міжнароднай канферэнцыі ЮНІСЕФ высокага ўзроўню для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД "Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад нядбайнага, жорсткага абыходжання, насілля і эксплуатацыі".
"На жаль, свет не заўсёды такі дружалюбны да дзяцей, як гэтага хацелася б. Абарона правоў і законных інтарэсаў дзіцяці - адна з асноўных задач дзяржавы, безумоўны прыярытэт палітыкі Беларусі, - адзначыў віцэ-прэм`ер. - У нашай краіне дзейнічае ўстойлівы нацыянальны механізм рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па абароне правоў дзяцей. Беларусь прыкладае вялікія намаганні для забеспячэння шчаслівага дзяцінства кожнага дзіцяці".
Паводле слоў Анатоля Тозіка, асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням адукацыі дзяцей, аховы здароўя дзяцінства і мацярынства. Вялікія намаганні накіраваны на захаванне традыцыйных сем`яў, фарміраванне адказнага бацькоўства. Дзейсны механізм дае магчымасць выявіць нядобранадзейныя сем`і на ранніх стадыях. Дзякуючы перадачы дзяцей-сірот на выхаванне ў сем`і ў краіне змяншаецца колькасць дамоў-інтэрнатаў. Праводзіцца работа па абароне дзяцей ад розных праяў насілля.
Віцэ-прэм`ер запэўніў, што Беларусь гатова пераймаць перадавы замежных вопыт і дзяліцца сваімі лепшымі напрацоўкамі. "Канферэнцыя будзе садзейнічаць прыняццю ў Беларусі дадатковых мер па ўдасканаленні і ўмацаванні нацыянальнай сістэмы абароны дзяцінства", - упэўнены Анатоль Тозік. Ён выказаў удзячнасць ЮНІСЕФ за падтрымку ў гэтым пытанні.
Міжнародная канферэнцыя па ініцыятыве Беларусі праходзіць 12-13 лістапада ў Мінску. Мерапрыемства такога ўзроўню па тэматыцы абароны дзяцінства праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Удзельнікі канферэнцыі (іх больш за 150 чалавек у складзе 19 афіцыйных дэлегацый) абменьваюцца думкамі, вопытам і найлепшымі практыкамі ў сферы стварэння эфектыўных сістэм абароны дзяцінства, умацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння ў гэтым пытанні, дзейнасці нацыянальных устаноў па пытаннях абароны правоў дзіцяці, а таксама абмяркоўваюць актуальныя для краін рэгіёна праблемы ў гэтай сферы. У форуме прымае ўдзел дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонду ААН для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД Мары-П`ер Пуар`е.
12 лістапада 2014, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА
12 лістапада 2014, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА