Як удакладніў паэт і літаратурны крытык, адзін з заснавальнікаў выдавецтва "Галіяфы" Зміцер Вішнёў, атрымалася падвойнае свята — акрамя юбілею альманаха, яшчэ і прэзентацыя Рэйтанаўскага нумара.
Пяты нумар "Тэкстаў" цалкам прысвечаны вялікаму сыну беларускай зямлі, герою знакамітага надзвычайнага сойма 1773 года Тадэвушу Рэйтану.
Імя ліцвіна-беларуса, наваградскага падкаморыча Рэйтана, які ў тыя трагічныя для нашай краіны дні стаў на чале невялікага кола патрыятычных дэпутатаў сойма, што паўсталі супраць першага падзела Рэчы Паспалітай абодвух народаў — ВКЛ і Кароны Польскай, назаўсёды стала сімвалам шчырага, нязломнага патрыятызму. У гонар Тадэвуша Рэйтана, які даў свету прыклад выключнай грамадзянскай мужнасці перад тварам смяротнай небяспекі, у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску нашы продкі называлі школы, надавалі вуліцам яго імя, усталёўвалі помнікі і памятныя дошкі. Вядомыя ліцвіны XIX ст. Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Генрык Жавускі, Францішак Смуглевіч і іншыя прысвячалі яму літаратурныя і мастацкія творы, на яго прыкладзе выхоўваліся пакаленні патрыётаў. У Польшчы ліцвін Тадэвуш Рэйтан стаў на вяршыню гераічнага пантэона, бо, як пісалі польскія пісьменнікі, ён выратаваў гонар "палякаў".
Арганізатары і ўдзельнікі прэзентацыі, сярод якіх былі вядомыя гісторыкі, пісьменнікі, мастакі, філосафы і музыкі, паставілі пытанне аб вяртанні ў беларускі нацыянальны пантэон імёнаў Рэйтана і яго паплечнікаў Самойлы Корсака (Наваградак) і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага (Мінск), усебаковым ушанаванні іх памяці, а таксама аб лёсе родавага котлішча Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.
У пятым нумары "Тэкстаў" змешчаны вынікі літаратурнага конкурсу імя Тадэвуша Рэйтана, які быў абвешчаны ў мінулым годзе.
БелаПАН, 28 кастрычніка 2014