Ініцыятары праекта падзялілі ахвочых павучыцца на курсах на дзве групы: да пяці гадоў і ад пяці гадоў да пачатку школы. Заняткі для іх прайшлі адзін за адным. У першую групу прывялі сваіх дзяцей прыкладна дваццаць бацькоў, прыкладна гэтулькі ж — у другую.
Заняткі актыўна ідуць 30 хвілін, пасля чаго дзецям прапаноўваецца 15 хвілін паглядзець беларускамоўныя мультфільмы.
Ідэю зладзіць заняткі па беларускай мове для дзяцей прапанавалі дарослыя слухачы курсаў "Мова нанова". Выкладаць мову для маленькіх беларусаў ініцыятары курсаў запрасілі Алену Церашкову — літаратарку, якая выдала тры ўласныя кніжкі з дзіцячымі загадкамі, вершамі і казкамі па-беларуску, а таксама мае чатырох дзяцей.
Яна расказала, што ідэя дзіцячых курсаў належыць суарганізатару курсаў для дарослых Глебу Лабадзенку.
"Мы не падмяняем сабой курсы падрыхтоўкі да школы, мы стараемся пагрузіць дзяцей і іх бацькоў у атмасферу беларускасці. Таму мы настойваем, каб бацькі не толькі прыводзілі дзяцей, але і самі ўдзельнічалі, размаўлялі па-беларуску, і спадзяемся, што такім чынам будзе больш людзей, якія цікавяцца нашай краінай, яе гісторыяй і культурай", — адзначыла Церашкова.
Адзін з удзельнікаў заняткаў, які прывёў на курсы дзвюх сваіх унучак, сказаў: "У кожнага дзіцяці ў жыцці дзве святыні — родная мама і родная мова. Дзіця без роднай мовы — напалову сірата. У беларусаў так і атрымліваецца: мама ёсць, а мову адабралі самі бацькі. Беларускія дзеткі — паўсіроткі".
Другі бацька адзначыў, што хоча карыстацца беларускай мовай правільна, а не размаўляць на "трасянцы", таму прыйшоў з дзіцем на курсы.
Яшчэ адна мама прызналася, што хоча, каб яе дачка была не такая, як яна, каб ведала сваю родную мову і размаўляла на ёй.
БелаПАН, 5 кастрычніка 2014