У Беларусі з`явіцца новы фестываль "Балетнае лета ў Вялікім". Музычны форум пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі з 29 чэрвеня па 9 ліпеня.
Праект будзе ўключаць папулярныя спектаклі. Адкрыецца форум нацыянальнай пастаноўкай "Вітаўт" Вячаслава Кузняцова. Убачаць гледачы балеты "Лебядзінае возера" Пятра Чайкоўскага і "Дон Кіхот" Людвіга Мінкуса. У пастаноўках прымуць удзел сольныя балетныя пары з Марыінскага і Вялікага тэатраў (Расія).
Таксама ў праграме - вечары харэаграфіі Джорджа Баланчына, Іржы Кіліяна і грузінскага балета з удзелам народнай артысткі Грузіі і Расіі Ніны Ананіяшвілі.
Завершыцца фестываль "Балетнае лета ў Вялікім" гала-канцэртам зорак сусветнага балета, які збярэ беларускіх танцоўшчыкаў з усяго свету - Вены, Варшавы, Санкт-Пецярбурга, Гамбурга і інш.
Уладзімір Рылатка выказаў надзею, што новы фестываль стане традыцыйным.
26 сакавіка 2014, Мінск
БЕЛТА