У Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт 7 сакавіка пададзена заяўка на правядзенне шэсця і мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі — чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года).
Заяўнікі акцыі просяць мінскія ўлады дазволіць сход удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук у 18 гадзін, затым правесці шэсце па праспекце Незалежнасці, а таксама мітынг на пляцоўцы Незалежнасці з 19.30 да 20.00.
Подпісы пад заявай паставілі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху "За Свабоду", аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб`яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты", Аб`яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Рады беларускай інтэлігенцыі.
Раней аргкамітэт разглядаў дзве магчымыя даты правядзення акцыі — 23 сакавіка, у нядзелю днём. і непасрэдна ў Дзень Волі, 25 сакавіка ў будны дзень, вечарам.
Плануецца, што акцыя будзе праведзена пад знакам салідарнасці з Украінай, а таксама асуджэння крамлёўскай агрэсіі ў гэтай краіне. Мяркуецца, што яна пачнецца выкананнем гімна БНФ "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", тэкст якога аргкамітэт прапаноўвае вывучыць загадзя.
Сёлета спаўняецца 96 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна гэта дата ў Беларусі не адзначаецца, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.
Незалежнасць БНР была абвешчана ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Мінску. Упершыню ідэя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі прагучала на Усебеларускім з`ездзе ў 1917 годзе.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 7 сакавіка 2014