https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Хрысціянскі свет адзначае Вялікдзень


Свята Уваскрэсення Хрыстовага — Вялікдзень, альбо Пасху, — адзначаюць 20 красавіка праваслаўныя, каталіцкія, грэка-каталіцкія вернікі і пратэстанты ўсяго свету.
Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх хрысціянскіх храмах Беларусі.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, патрыяршы экзарх ўсяе Беларусі, адслужыў велікоднае набажэнства ў праваслаўным Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы.

Каталікі мінулай ноччу сачылі за святочным набажэнствам на чале з мітрапалітам Мінска-Магілеўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у сталічнай архікатэдры імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У Велікодным пасланні да праваслаўных мітрапаліт Павел адзначыў, што "без веры ва Уваскрэслага Хрыста няма хрысціянства". "У аснову нашай веры пакладзена гэтая светлая і радасная вестка — вестка пра Уваскрэсенне Богачалавека, а разам з Ім — і пра ўваскрэсенне чалавецтва", — адзначаецца у пасланні. — Хрыстос уваскрэс! Толькі два словы, але якая неверагодная ў іх сіла! Гэтыя два словы ўскалыхнулі ўвесь свет, разбурылі браму пекла дашчэнту і стварылі вялікую і непераможную Хрысціянскую Царкву, падаючы ўсім яе дзецям жывую веру, духоўна-маральныя Евангельскія каштоўнасці і жыватворныя духоўныя сілы, здольныя ўзнесці чалавека, які верыць у Хрыста, на вышыню духоўнай дасканаласці".

Уладыка пажадаў праваслаўным вернікам і святарам "невычэрпнай жыватворнай дапамогі Божай у далейшым служэнні на славу Святой Праваслаўнай Царквы, дзеля росквіту краіны нашай — Беларусі, на карысць і радасць усім нашым бліжнім і дальнім".

Арцыбіскуп Кандрусевіч, звяртаючыся з Велікодным пасланнем да святароў, кансекраваных асобаў, вернікаў і людзей добрай волі, падкрэсліў, што сёлета Вялікдзень святкуецца ўсімі хрысціянамі разам. У гэтым людзі павінны бачыць знак Божага провіду, які "заклікае аб`яднаць высілкі для сумеснай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў".

"Пасха — гэта гісторыя ўкрыжаванага і ўваскрэслага Хрыста, які запэўнівае нас у тым, што Бог не перастае нас любіць, нават тады, калі мы Яго прыбіваем да крыжа, — адзначае каталіцкі іерарх. — Пасха ёсць магчымасцю спаткацца з Хрыстом, які прыходзіць да нас, каб запэўніць нас у сваёй любові, якая ратуе перад кожным відам смерці — фізічнай, духоўнай, маральнай, грамадскай і гэтак далей".

"Сёлетняя Пасха — гэта наша супольнае свята, з якім віншую ўсіх хрысціян і людзей добрай волі і жадаю моцы Уваскрэслага, Яго ласкі і супакою. Няхай у складанай рэчаіснасці сучаснага свету яна сапраўды стане ажыўляючым глытком свежага паветра, які вядзе да новага жыцця ва ўваскрэслым Хрысце", — дадаў мітрапаліт Кандрусевіч.

Паводле наяўных звестак, праваслаўнымі сябе вызнаюць каля 4,5 млн. жыхароў Беларусі, каталіцкай веры трымаюцца да 1,4 млн. чалавек. Колькасць пратэстантаў ацэньваецца, па розных дадзеных, на узроўні ад 200 тыс. да 500 тыс. вернікаў, грэка-католікаў — прыкладна 10 тыс. чалавек.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 20 красавіка 2014
 
Дата публикации:20.04.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1384
 
Ключевые слова:
Пасха Христианство Религия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме