Празь пяць дзён пасьля абраньня яго забіў тэрарыст. Як паведаміў дырэктар Сяргей Фанасаў, на паддашшы знойдзены школьны сьцяг зь імем Габрыэля Нарутовіча. З аднаго боку ён белы, з другога чырвоны, на ім вышытыя Маці Божая і герб — арол з каронай.
Сёньня гэта сярэдняя школа № 1, яна на перабудове. Учора паводле пашпарту аб’екту быў апошні дзень будоўлі, але калі яна скончыцца насамрэч — пакуль невядома. Дахі стаяць раскрытыя ў неба. Прычыну патлумачыла кіраўнік аўтарскага нагляду Вольга Казак: спачатку заплянавалі рэканструкцыю спартыўнай залі, перакрыцьці якой былі ў аварыйным стане, і прыбудову цэнтральнай часткі. Але калі пачалі, то выявілася, што будынак у горшым стане, чым выглядала. Таму пастанавілі зрабіць рэканструкцыю ўсёй школы.
Цэнтральная частка гмаху сёньня цалкам перабудаваная. Але засталіся два бакавыя крылы з псэўдапорцікамі. На левым — дата «1928» з пашкоджанай апошняй лічбай, на правым — «1929».
Архітэктар з Горадні Роланд Жамойцін адзначае: школа, якой ужо 86 гадоў, заўсёды была ў Лідзе адметным будынкам. Аднак, убачыўшы, як яе перабудоўваюць, спадар Жамойцін пераканаўся, што прапорцыі мяняюцца і ранейшы выгляд будзе парушаны. Роланд Жамойцін сам вучыўся ў сярэдняй школе № 1, і яго непакоіць яе цяперашні стан.
Станіслаў Суднік, які ў часопісе «Лідзкі летапісец» піша пра архітэктуру Ліды, перад рэканструкцыяй Першай школы пабываў у ёй. Кажа, што яна вымагала капітальнага рамонту: падлога правальвалася, столі і дах таксама вымагалі замены, бо драўляныя перакрыцьці струхлелі.
Вольга Казак зазначае: школа афіцыйна ня лічыцца помнікам архітэктуры. Але ў аўтарскім наглядзе ўлічвалі, што яна пачала працаваць у 1928 годзе. Фасады двух бакавых порцікаў будуць захаваныя, форма вокнаў і вугал даху таксама, «нідзе вышэй не ўзьнялі». Аднак «з усіх бакоў не ўдаецца выканаць усё ў адным стылі». Цэнтральная частка перабудаваная, але «яна, згадзіцеся, хаваецца ў глыбіні падворку», кажа Вольга Казак. Кіраўнік аўтарскага нагляду таксама зьвяртае ўвагу, што нармальных санвузлоў, кухні тут дагэтуль не было, таму працаваць і вучыцца было некамфортна, і трэба было іх зрабіць.
Дырэктар школы Сяргей Фанасаў расказвае, што некалі пад адным дахам былі дзьве асобныя школы — мужчынская і жаночая, але прыблізна ў 1934-м хлопцы і дзяўчаты сталі навучацца разам. У 1939-м, пасьля зьмены ўлады, у будынку адкрылі дзьве школы, беларускую і расейскую. У час вайны ў ёй быў нямецкі вайсковы шпіталь, «таму што будынак, як на той час, быў адным зь лепшых у цэнтры гораду, у кожнай клясе быў умывальнік, вада». Сёньня школа мае свой сайт.
Сьцяг зь імем Габрыэля Нарутовіча знайшлі паміж кроквамі, калі пачалі капітальны рамонт даху. Ён у нядрэнным стане, але цяпер на кансэрвацыі, паведаміў Сяргей Фанасаў. Магчыма, яго схавалі ў 1939 годзе. Дарэчы, знайшлі і савецкія дакумэнты, выдадзеныя перад вайной у Казахстане і Ўзбэкістане. Іх маглі схаваць у 1941 годзе, паведаміў дырэктар.
*** *** ***
Габрыэль Нарутовіч стаў першым прэзыдэнтам адноўленай Польшчы. На пасаду яго абраў Сэйм. Як на чалавека, які родам ня з Польшчы, на яго ўскладала спадзяваньні няпольскае насельніцтва, у тым ліку беларусы.Брат Нарутовіча Станіслаў стаў палітычным дзеячам Літвы. Браты Нарутовічы нарадзіліся ў Ковенскай губэрні. Іхні лёс нагадвае лёс братоў Іваноўскіх зь беларуска-літоўскага памежжа: адзін Іваноўскі стаў беларускім дзеячам, другі польскім, трэці літоўскім.
Радыё Свабода, 21 лютага 2014