"Імя заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, ураджэнца Магілёўскага раёна Паўла Масленікава свеціць яркай зоркай у сузор`і талентаў Прыдняпроўскага краю, - адзначыла Святлана Строгіна. - Наш абавязак - выказаць падзяку чалавеку з вялікай літары, які прысвяціў сябе роднай зямлі і пакінуў нашчадкам багатую творчую спадчыну".
Урачыстасці пачнуцца з ускладання кветак да помніка-бюста майстру, што размешчаны каля Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава. Аддаць даніну павагі заслужанаму дзеячу мастацтваў прыедуць яго дачка Вера Пракапцова, сын Уладзімір Масленікаў, а таксама мастакі, вучні, сябры і людзі, якія захоўваюць для сучаснага пакалення памяць аб таленавітым чалавеку. Сярод іх - генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.
Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у галерэі музея імя П.В.Масленікава. Так, ва ўрачыстай абстаноўцы адбудзецца гашэнне канверта з арыгінальнай маркай, якія "Белпошта" выпусціла спецыяльна да юбілею майстра. Пасля гэтага гасцям прэзентуюць кнігу "Павел Масленікаў" з серыі "Вядомыя мастакі Беларусі", напісаную Верай Пракапцовай. "Гэта кніга не адзіная, якую яна прысвяціла бацьку. Раней быў выдадзены аб`ёмны фаліянт "Павел Масленікаў. Партрэт мастака ў люстэрку часу", - расказала Святлана Строгіна. - І калі першая мела дакументальна-даследчы характар, то ў новай у асноўным прадстаўлена творчая спадчына беларускага мастака". Акрамя таго, удзельнікам мерапрыемства прадэманструюць дакументальны фільм "Сёмае неба Паўла Васільевіча Масленікава", які да свята зняла тэлерадыёкампанія "Магілёў".
Эстафету ў абласнога цэнтра прыме Мінск. 7 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыецца рэтраспектыўная выстаўка "Павел Масленікаў і яго вучні". На невялікай пляцоўцы размесціцца 30 карцін, адабраных з фондавай калекцыі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава. Яшчэ каля 30 работ прадаставяць вучні масцітага мастака. Таксама мерапрыемствы запланаваны ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якой майстар прысвяціў 4 гады. Не застанецца ў баку Вялікі тэатр оперы і балета, дзе пакажуць балет Людвіга Мінкуса "Баядэрка", а таксама прадэманструюць выстаўку эскізаў касцюмаў і дэкарацый. "Тэатр адыграў у жыцці Паўла Масленікава вялікую ролю, - адзначыла Святлана Строгіна. - Тут у 1938 годзе пачаўся яго творчы шлях спачатку ў якасці мастака-дэкаратара, затым мастака-пастаноўшчыка, дзякуючы гэтаму адбылося станаўленне Масленікава як асобы, раскрыўся багаты ўнутраны свет".
Вясной Магілёў сустрэне ўдзельнікаў міжнароднага пленэру "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Паўла Масленікава. Свае работы мастакі з 10 краін будуць ствараць у вёсцы Княжыцы, дзе прайшлі дзіцячыя гады майстра. На будынку Княжыцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы будзе адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная заслужанаму дзеячу мастацтваў, а мясцовым вучням прапануюць паўдзельнічаць у тэматычным конкурсе дзіцячага малюнка.
Юбілейную дату шырока адзначаць не толькі ў абласным цэнтры, але і ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. У прыватнасці, у бібліятэках, школах і ВНУ рэгіёна запланаваны творчыя сустрэчы, прэзентацыі фільмаў і іншыя мерапрыемствы.
29 студзеня 2014, Магілёў
Вольга Емяльянава - БЕЛТА