"Жывая" спадчына" з`яўляецца спецыялізаваным рэсурсам Міністэрства культуры. Сайт змяшчае некалькі раздзелаў, з якіх найбольш важным з`яўляецца "Інвентар НКС" - база даных элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС), уключаных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, а таксама тых, якім гэты статус яшчэ трэба будзе атрымаць.
Інфармацыя на сайце размешчана ў рэжыме адкрытага доступу, аднак некаторыя раздзелы могуць наведваць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі - сёння іх налічваецца каля 10 тыс. Пошук можна весці па катэгорыях, а таксама па ключавых словах, назве элемента і пры дапамозе карты.
У базу Нацыянальнага інвентара ўнесена каля ста элементаў НКС, аднак на партале размешчана толькі невялікая частка. "Уся інфармацыя будзе яшчэ апрацоўвацца, праходзіць рэдактуру. Цяпер налічваецца каля 15 апрацаваных файлаў", - адзначыла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч.
Паводле яе слоў, сайт актыўна развіваецца. Партал працуе на беларускай мове, да таго ж распрацоўваецца яго англійская версія. Дарэчы, у праекта ёсць свая ўласная старонка ў сацыяльнай сетцы.
Прэзентацыя сайта прымеркавана да правядзення міжнароднай акцыі Савета Еўропы "Дні Еўрапейскай спадчыны". У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана нематэрыяльнай культурнай спадчыне. Адной з падстаў для выбару тэмы стала святкаванне 10-годдзя Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дні Еўрапейскай спадчыны таксама прысвечаны 20-годдзю падпісання Беларуссю Еўрапейскай культурнай канвенцыі.
Партал "Жывая" спадчына" створаны пры фінансавай і кансультацыйнай падтрымцы Фонду нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. "У 2010 годзе мы падалі заяўку на грант ЮНЕСКА. У выніку Беларусь першая ў свеце атрымала грант на стварэнне Нацыянальнага інвентара", - сказала Ала Сташкевіч.
Сёння таксама адбылося адкрыццё выстаўкі "Жывая" спадчына" і прэзентацыя буклета, прысвечанага тэме гэтага года. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, інфармацыйнага пункта Савета Еўропы.
Дні Еўрапейскай спадчыны святкуюцца на працягу 20 гадоў. На працягу месяца краіны, якія падпісалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954), праводзяць мерапрыемствы і акцыі для азнаямлення сваіх грамадзян і замежных гасцей з аб`ектамі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. У Беларусі Дні Еўрапейскай спадчыны праводзяцца з 1993 года.
27 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА