https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


8 жніўня ня стала былой бібліятэкаркі Дому літаратара Ніны Глобус


Жонка знанага празаіка Вячаслава Адамчыка і маці пісьменьнікаў і кнігавыдаўцоў Адама Глобуса і Міраслава Шайбака пакінула гэты сьвет пасьля цяжкай і працяглай хваробы на 80-м годзе жыцьця.
Яна нарадзілася 5 студзеня 1934 году ў вёсцы Жыліхава Капыльскага раёну. Скончыла бібліятэчны факультэт Менскага пэдінстытуту. Працавала ў бібліятэках мястэчка Скідзель, будаўнічага трэсту № 4, 16-й менскай сярэдняй школы. Там яна была яшчэ і настаўніцай дамаводзтва. У ліку яе вучняў была пісьменьніца Людміла Рублеўская:

«Пазнаёміўшыся зь ёю, паслухаўшы яе парады, паглядзеўшы на яе — гэта было для мяне выхаваньне культурнае, эстэтычнае, этычнае. Сапраўды, яна — чалавек незвычайнага душэўнага багацьця, унутранай культуры. Мы хадзілі на яе ўрокі ня тое што навучыцца нешта пашыць ці сьпячы, а вучыцца — якой павінна быць жанчына. Мы ад яе чулі вельмі шмат таго, што неабходна было для духоўнага разьвіцьця, таго, чаго мы не атрымлівалі, можа, на ўроках літаратуры ці іншых. Я памятаю, што хадзілі на яе ўрокі — як на сьвята».

З 16-й школы Ніна Глобус перайшла працаваць у бібліятэку Дому літаратара. Зь яе зьяўленьнем гэтае месца стала любімым у многіх пісьменьнікаў. Прыгадвае былы старшыня Саюзу пісьменьнікаў Васіль Зуёнак:

«Я ведаў яе як вялікага сябра ня толькі славутага свайго Адамчыка Вячаслава Ўладзімеравіча, але і ўсіх пісьменьнікаў. Доўгі час яна працавала ў нашай бібліятэцы і ашчадна ставілася да кожнай новай кніжкі. Яна старалася, каб гэтая кніжка зьявілася ў пісьменьніцкай бібліятэцы, і зьбірала аўтографы, імкнулася мець у бібліятэцы самыя шчырыя пажаданьні пісьменьнікаў да чытачоў. Гэта быў чалавек, апантаны літаратурай».

Апантанасьць Ніны Ўладзімераўны літаратурай прыцягвала ў бібліятэку і мэтраў айчыннага прыгожага пісьменства, і пачаткоўцаў. Кожнаму працаўніку пяра яна магла даць прафэсійную параду. Гаворыць празаік Андрэй Федарэнка:

«Калі я прыходзіў у бібліятэку старога Саюзу пісьменьнікаў, мяне заўсёды ўражвала гэтая жанчына мілатою, добразычлівасьцю. Яна заўсёды падыходзіла, пачынала распытваць здалёку: хто ты? што ты пішаш? што ты чытаеш? Яна заўсёды дапамагала знайсьці патрэбную кніжку, падказвала аналягічную. І я ведаю, што не адзін я, а шмат людзей і з майго пакаленьня — тая ж Вольга Куртаніч, той жа Алесь Наварыч — яны прыходзілі нават ня дзеля таго, каб узяць кніжку, а пагаварыць. Пагаварыць з чалавекам, які разьбіраецца ў літаратуры, які цікавіцца і маладою літаратурай у тым ліку, і выдатна ведае літаратуру сталую. І таму зь яе адыходам, канечне, адвальваецца вялікі кавалак той старой, добрай, нягледзячы ні на што, традыцыйнай культуры».

Новая ўлада забрала ў гаспадароў Дом літаратара і выкінула зь яго бібліятэку. Яе былая захавальніца самоцілася ў кветніках на лецішчы. Сёлета хваробы не пусьцілі туды гаспадыню. Сусед па лецішчы паэт Васіль Жуковіч — з разьвітальным вершам.

«…Сумуюць півоні, на градках расьліны,
Маўчыць тэлевізар, пустуюць пакоі
І тужаць суседзі па чуйным спакоі,
Па слове прыязным, усьмешцы прыемнай.
Спадарыня Ніна з тугою ўзаемнай.
Адамчыкаў сад і май-травень чакае,
І з бліжняга лесу зязюля гукае.
Гукала зязюлька і адгукала.
Адкукавала».


Разьвітаньне зь Нінай Глобус адбудзецца 10 жніўня аб 11:15 у рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках. У яе засталіся два сыны, чацьвёра ўнукаў і адзін праўнук.

Валянціна Аксак
Радыё Свабода, 8 жніўня 2013
 
Дата публикации:08.08.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1754
 
Ключевые слова:
Ніна Глобус Некролог
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме