На думку Міхаіла Фінберга, кожны фестываль павінен здзіўляць гасцей перш за ўсё якасцю. "Мы падрыхтавалі ўжо 18 фестываляў, кожны з іх уключаў 5-6 праграм. Гэта вельмі шмат, але за гэтай колькасцю стаіць якасць", - сказаў маэстра. Міхаіл Фінберг звярнуў увагу, што "Музы Нясвіжа-2013" з`яўляецца 163-м фестывалем, які праводзіцца ў малых гарадах. "Нясвіжскае свята паклала пачатак мноству фестываляў у розных кутках Беларусі. Але мы ні разу не паўтарылі праграму не толькі на нясвіжскім, але і на іншых фестывалях", - сказаў маэстра.
Доктар мастацтвазнаўства прафесар Вольга Дадзіёмава назвала Нясвіж адным з цэнтраў музычнай Еўропы. "Фестываль з`яўляецца маштабнай асветнай акцыяй, якая не мае аналагаў у свеце", - растлумачыла яна.
Фестываль адкрыўся спектаклем "Бог ёсць любоў" па п`есе Аляксея Дударава. 17 мая ў рамках фестывалю прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Мастацкая спадчына Нясвіжа: новыя даследаванні" і прэзентацыя кнігі аб культуры Нясвіжа "Шляхам пошукаў і адкрыццяў". Святочныя мерапрыемствы прадоўжыў канцэрт камернага калектыву аркестра. Упершыню на форуме выступілі ансамблі духавых інструментаў. Таксама 17 мая адкрыліся дзве мастацкія выстаўкі. Вечар прадоўжыў канцэрт "Сусветныя мелодыя - у падарунак Нясвіжу".
18 мая фестываль прадоўжыцца ў Нясвіжскім замку, дзе прагучаць творы беларускіх кампазітараў XIX-XX стст. Завершыцца фестываль канцэртам "Лепшая калекцыя папулярных песень".
Арганізатарам фестывалю "Музы Нясвіжа-2013" выступае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінаблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.
18 мая 2013, Нясвіж
Наталля Злотнік - БЕЛТА