У праграме мерапрыемства запланаваныя прэзентацыі больш як трох дзясяткаў моваў. Кожная прэзентацыя ўяўляе сабою 40-хвілінную міні-лекцыю, падчас якой эксперты расказваюць пра фанетычныя, граматычныя і іншыя асаблівасці той ці іншай мовы.
Сярод моваў, прадстаўленых на фестывалі, — англійская, нямецкая, французская, нарвежская, фінская, ірландская, украінская, польская, чэшская, балгарская, кітайская, карэйская, японская, арабская, а таксама так званыя мёртвыя мовы (старажытнагрэчаская, лацінская) і штучная мова эсперанта. Акрамя таго, на фестывалі прадстаўленая вельмі рэдкая мова яурэ, на якой размаўляюць усяго 25 тысяч чалавек у Кот-д`Івуары. Руская і беларуская мовы на фестывалі прэзентаваныя не будуць.
У межах фестывалю адбудзецца таксама пяць міні-лекцый, прысвечаных канкрэтным пытанням лінгвістыкі, напрыклад фарміраванню беларускай навуковай тэрміналогіі ў 1920-я гады ці паходжанню і развіццю моваў у цэлым.
Акрамя таго, у межах фестывалю пройдзе мерапрыемства "іншага фармату" — гульня "Капялюш" на англійскай мове.
"Нічога падобнага раней не было, — адзначыў кіраўнік фестывалю Антон Сомін. — Мне здаецца, людзям гэта цікава. Звычайна веды пра мовы абмяжоўваюцца вузкім колам англійскай, французскай, нямецкай, а зараз з`явілася магчымасць даведацца, што ў свеце ёсць столькі зусім не падобных адна да адной моваў".
Арганізатары таксама разглядаюць фестываль як прафарыентацыйныя мерапрыемствы для школьнікаў. "Многія з тых моваў, якія мы прадстаўляем, вывучаюцца на філалагічным факультэце і факультэце міжнародных адносін БДУ, у МДЛУ, таму школьнікі на фестывалі змогуць зразумець, якую мову яны хацелі б вывучаць", — растлумачыў Сомін.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 31 сакавіка 2013