Дыпламат падкрэсліў, што гэта падзея стала прадаўжэннем мерапрыемстваў да 20-годдзя дыпламатычных адносін, якое ў мінулым годзе адзначылі Беларусь і Кітай. Гун Цзяньвэй пазітыўна ацаніў якасць радыёвяшчання на кітайскай мове.
Вядучы мерапрыемства, кіраўнік радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч прадставіў гасцям творчы калектыў, які рыхтуе радыёвыпускі на кітайскай мове. Беларускія і замежныя госці даведаліся аб асаблівасцях падрыхтоўкі праграм на кітайскай мове, іх унікальным змесце і ролі ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.
Намеснік старшыні таварыства "Беларусь-Кітай", аглядальнік аддзела па асвятленню дзейнасці Прэзідэнта Беларусі БЕЛТА Аліна Грышкевіч у сваім выступленні пажадала калектыву радыёвяшчання на кітайскай мове цікавых інфармацыйных знаходак і творчых адкрыццяў.
Прэзентацыя была падрыхтавана галоўнай дырэкцыяй міжнароднага вяшчання (радыё "Беларусь") Беларускага радыё сумесна з Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.
Музычныя віншаванні з нагоды прэзентацыі падрыхтавалі беларускія і кітайскія музыканты, а таксама вядомыя беларускія паэты, сярод якіх галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Мікалай Мятліцкі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінстэрства замежных спраў Беларусі, кіраўніцтва Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, рэктары і студэнты беларускіх ВНУ, члены таварыства "Беларусь-Кітай", творчая інтэлігенцыя.
Праграмы міжнароднага вяшчання Беларускага радыё загучалі на кітайскай мове з 1 студзеня 2013 года ў рамках праграмы "Ваш сябар - Беларусь". Кожны тыдзень у ёй расказваюць аб адносінах Беларусі з Кітайскай Народнай Рэспублікай, сумесных праектах у эканоміцы і іншых сферах, кантактах грамадзян абедзвюх краін. У творчай групе, якая рыхтуе праграмы да эфіру, працуюць і кітайскія журналісты.
Кітайская стала восьмай мовай вяшчання радыё "Беларусь" у міжнародным эфіры. Радыё "Беларусь" таксама вяшчае на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай і іспанскай мовах.
27 сакавіка 2013, Мінск
БЕЛТА