"70 гадоў - для гісторыі ўсяго толькі кароткае імгненне. Аднак сёй-той паспеў ужо забыць урокі Другой сусветнай вайны. І сёння некаторыя ўладары свету спрабуюць умешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, выкарыстоўваючы палітычны, эканамічны і інфармацыйны шантаж, прымяняюць ваенную сілу супраць простых грамадзян. У розных кутках зямнога шара раз-пораз узнімае галаву міжнародны тэрарызм, забіраючы жыцці ні ў чым не вінаватых людзей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Беларусь, якая не раз перажыла пекла вайны і іншаземнай акупацыі, заклікае аб`яднаць намаганні ўсіх людзей добрай волі ў барацьбе супраць насілля і тэрору, за мір, за права кожнага народа ісці ўласным шляхам і самому выбіраць свой лёс", - гаворыцца ў звароце.
"Мы ніколі не забудзем імёны тых, хто аддаў жыццё дзеля нашай Айчыны. І сёння, у дзень смутку і жалобы, клянёмся цвёрда стаяць на варце нашай незалежнасці, захоўваць стабільнасць, дабрабыт і спакой на беларускай зямлі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначаецца ў звароце, у гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія акупанты развязалі сапраўдны генацыд супраць беларускага народа, а Хатынь падзяліла страшны лёс больш як шасцісот населеных пунктаў Беларусі, знішчаных разам з іх жыхарамі.
"Расстрэльваючы, катуючы, спальваючы зажыва, адпраўляючы на немінучую смерць у канцлагеры нашых суграмадзян, гітлераўцы хацелі запалохаць беларусаў, знішчыць большую частку насельніцтва рэспублікі, а астатніх ператварыць у рабоў. Але іх чалавеканенавісніцкія планы пацярпелі поўны крах. Ніякія мукі і здзекі не змаглі знішчыць у душы народа любоў да Айчыны, пазбавіць яго волі да барацьбы", - падкрэсліваецца ў звароце.
22 сакавіка 2013, Мінск
БЕЛТА