Летась "Звязда" надрукавала ўспаміны былых насельнікаў "вогненных" вёсак, якія цудам выжылі (2 лістапада 2012 г.). Сёння мы прапануем расказы пра перажытыя боль і гора іншых сведак страшных падзей. Іх запісаў верхнядзвінскі краязнаўца Антон Францавіч Бубала — адзін з нямногіх, хто цудам выжыў у тым пекле. Летась Антону Францавічу споўнілася семдзесят. Краязнаўца прымае актыўны ўдзел у міжнародным праекце "Павышэнне статусу ўцалелых жыхароў спаленых вёсак".
Іван Васільевіч Чарнавок нарадзіўся 3 лютага 1939 года ў вёсцы Чарнавокі. Як растлумачыў краязнаўца, разыходжанне ў запісе афіцыйнага года нараджэння Івана Чарнавока, і ўзросце, які назвала яго маці, тлумачыцца тым, што пасля вайны ўзрост асоб, якія не мелі дакументаў (былі спалены), вызначаўся "па знешнім выглядзе". Якім быў той "выгляд" у людзей, што перажылі столькі гора, няцяжка ўявіць. Іван Васільевіч не любіць успамінаць мінулае. Ніжэй прыведзены фрагменты ўспамінаў яго маці і цёткі, запісаныя яшчэ ў 1990-х гадах.
Ефрасіння Фёдараўна Чарнавок, маці Івана:
— Наша вёска Чарнавокі-лясная, адна з "партызанскіх" вёсак. Карныя экспедыцыі ішлі тут адна за адной, але мы кожны раз хаваліся ў лясах. Людзей палілі ў адрыне, там, дзе цяпер помнік. Згарэла да трохсот чалавек — амаль усе, каго вылавілі ў лесе, уцекачы з іншых вёсак. Іх палілі ноччу. Але сцены не паспелі дагарэць да канца, бо нечаканы лівень патушыў агонь. Назаўтра ўнутры, пасярод чорных сцен, можна было бачыць людзей, якія недагарэлі. Іх было столькі, што гарэлі стоячы. Лівень абмыў іх зверху, відаць былі адмытыя ад сажы і попелу чарапы...
Хаваліся мы ў глухім балоце ля возера Дземя. Са мной былі два сыны: Пеця, пяці гадоў, і Іван, на два гады старэйшы. Аднойчы толькі вылезлі на свет Божы, а тут немцы. Адзін з іх паказаў знакамі і нягучна скамандаваў: "Аб! Аб!". Мы і падаліся назад. Больш вылазіць не адважыліся. Сядзелі ў балоце паўтара месяца. Днём дождж ідзе, а ноччу мароз падціскае — ужо ішла вясна. Пеця хварэў на тыф, там і памёр, ляжаў побач з намі. А Іван раней перахварэў, але там адмарозіў ножку. Некаторыя дзівіліся, як мы ўвогуле выжылі. Але ж у мяне вада была — усё ж балота; а яшчэ трава першая вылазіла — чарнагалоўкай мы яе называем, і была ў мяне да яе жменя солі. Аднойчы паспрабавала з балота выпаўзці. Сіл не было, ледзь дапаўзла да сцежкі. Ішлі міма партызаны. Стала прасіць хоць кавалачак хлеба. А яны ў адказ: "У нас НЗ. Ідзі ў зямлянкі". Дапаўзла. А на наступны дзень і сыноў маіх прынеслі.
Цяпер жыву з сынам Іванам. Астатнія мае мужчыны загінулі: два браты і муж — на вайне, сынок — у балоце.
Настасся Фёдараўна Папсуевіч (Чарнавок), цётка Івана:
— Мы з мамай і брацікам трапілі ў палон і былі ў лагеры ў Таболках. Я вырашыла ўцякаць у свае лясы, знайсці сястру. Бегла не адна — з партызанамі ды кадравымі ваеннымі. Дагналі нас і маці з браточкам, якая ведала наш план у падрабязнасцях. Маму маю старэнькую ваенны падхапіў на плячо. Кіламетраў праз дваццаць, каля Сямёнава мы патрапілі на немцаў, быў бой, але мужчыны нас не пакінулі, вырваліся мы. Дабіраліся да партызанскага лагера доўга, знайшлі там сваю Фросю. А на наступны дзень зноў экспедыцыя наляцела. Зноў уцякалі...
Іван дапамагаў маці будаваць дом на родным папялішчы, хатка выйшла невялікая. Ён не здаўся перад выпрабаваннямі лёсу. Вывучыўся, стаў спецыялістам лясной гаспадаркі, абзавёўся сям`ёй. Гэты прыгожы, разумны і добры чалавек жыве і цяпер у хатцы над рэчкай Свольнай. У вёсцы толькі шэсць чалавек слухаюць ранішнюю песню сасновага бору. Іван Васільевіч рады пагутарыць з рэдкім госцем з "вялікага свету". Ведаючы, што гэтыя сустрэчы нядоўгія, ён пераводзіць размову з ваеннай тэмы на мірную сучасную. Вайна засталася ў мінулым, пра якое ён не хоча гаварыць.
Зінаіда Уладзіміраўна Купцова (Кукаўка) нарадзілася 25 кастрычніка 1925 г. у вёсцы Дзедзіна ў сям`і сялян.
— Бацька быў кавалём, майстрам на ўсе рукі. Дзетак таксама "намайстраваў" нямала: шэсць дачок і сына. У калгас запісаўся адразу, разумеючы непазбежнасць пераўтварэнняў у вёсцы. Калі даведаліся пра вайну, мужчыны адправіліся ў райцэнтр, у Асвею. Але ваенкамат ужо эвакуяваўся, таму многія мужчыны засталіся з сем`ямі. Дзедзіна знаходзілася далёка ад гарнізонаў, якія да таго ж ужо праз год былі разгромлены. Таму немцы ў вёсцы былі больш рэдкімі гасцямі, чым партызаны. Партызаны паспелі папярэдзіць людзей аб пачатку карнай экспедыцыі, ды і зарыва пажараў па ўсім гарызонце з захаду падыходзіла з кожным днём усё бліжэй. Надышоў дзень, калі з-за рэчкі Вужыцы пачалі даносіцца перадсмяротныя крыкі людзей, падобныя на страшны хор. Вёска была дружнай, і калі на зарэчным узгорку з`явіліся фігуры карнікаў, невялікі абоз уцекачоў ужо сыходзіў на ўсход. На перавале дарогі апошні раз азірнуліся і ўбачылі, што родная вёска ўжо гарыць.
Новым прыстанкам стаў лес. Будан быў збудаваны па ўзору юрты: агонь раскладвалі ў цэнтры, над ім у "даху" была адтуліна для дыму. Спалі на лапніку вакол вогнішча. На ім "прапякалі" адзежу ад вошай і варылі што-небудзь ядомае. Побач было журавінавае балота — крыніца вітамінаў. Зрэдку, пасля пільнай разведкі, бегалі ў спаленыя вёскі, адшукваючы ямы з бульбай. Калі даведаліся, што карнікі сышлі, вярнуліся "дадому". Сярод папялішчаў стаялі "шкілеты" печаў.
У зямлянках не давялося жыць доўга, бо надышла другая, самая страшная, хваля экспедыцыі. На гэты раз мы забраліся далёка, у суседні Расонскі раён. У лясной вёсцы Лямно прытулілі нас добрыя людзі. Але партызаны сказалі, што ўжо блізка фронт і праз яго лінію можна прабрацца. Бежанцы памкнуліся за партызанамі. Пры пераправе цераз раку Нішчу пад намі абрынуўся мост, з халоднай вады цудам удалося выхапіць дзетак, якія пасыпаліся з воза, — дапамаглі партызаны. Але на левы бераг ракі перапраўляцца ўжо не адважыліся — там грукатаў фронт, ды і дзеці замярзалі, хоць старэйшыя і ўхутвалі іх у сваю вопратку, самі застаючыся, у чым прыйдзецца. Стаяла халодная ноч першых дзён сакавіка.
Тыя ж добрыя людзі ў Лямне прытулілі і на гэты раз. Але усе моцна галадалі. Аднойчы дзяўчаткі адважыліся на вылазку ў Дубровы — у вялікай вёсцы фашысты спалілі 500 чалавек. Сярод папялішчаў чамусьці стаяла ацалелая хата. Стомленыя сутачным пераходам дзяўчынкі, не думаючы пра небяспеку, напалілі ў печы і заснулі, даверыўшы свой лёс Богу. Прачнуліся толькі наступным ранкам. Хаваючыся за шкілетамі печаў, перасядзелі да цямна. Калі вярнуліся да сваіх, тыя ўжо маліліся па іх як па забітых. Як сапраўдны скарб прынеслі яны пару жменяў солі.
...Зінаіда Уладзіміраўна да гэтага часу лічыць, што нехта нябачны ўвесь час аберагаў іх. Бо былі ж і налёты, навокал гінула шмат людзей, дымілі папялішчы, чуліся крыкі, стогны, выбухі гранат і аўтаматныя чэргі. Аднойчы карнікі наляцелі зусім раптоўна. Дзеці ўмомант рассыпаліся ва ўсе бакі, як курапатчын вывадак. А сама яна засталася стаяць, прыціснуўшы да сябе немаўля. Але цуд: двое са зброяй жэстам паказалі ёй: "Хавайся!" і шпаркім крокам пайшлі туды, дзе ўжо стралялі.
Той нябачны апякун не пакінуў іх і пазней. У Лямне фронт прайшоў міма, па вялікіх дарогах. Ідучы следам за фронтам, два дні прасядзелі ў сваім лесе, скаланаючыся ад яшчэ блізкіх залпаў "кацюшы". У былым Дзедзіне нічога з закапанага дабра не аказалася. На кіламетры вакол — таксама. Увесь Асвейскі раён ператварыўся ў пустыню. Кукаўкі з усім сваім змучаным, але ацалелым "вывадкам" апынуліся на папялішчы. У бацькі адкрылася язва кішэчніка. Але ён не апусціў рук, а пачаў дзейнічаць, ратуючы сям`ю. Але гэта ўжо іншая гісторыя паўстання з попелу.
Зінаіда Аляксандраўна выгадавала дзяцей, ёсць і праўнукі. Сама сябе дакарае, што па неасцярожнасці зламала шыйку сцягна. А вось вочы яшчэ зоркія, і рукі не дрыжаць — чым-нічым ды і дапамагла б маладым...
Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 12 лютага 2013