https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Павіншуй мяне па-беларуску


Традыцыйна перад наступленнем калядных і навагодніх свят нам хочацца павіншаваць блізкіх людзей, калег і проста знаёмых.
Як правіла, звычайна віншаванні суправаджаюцца падарункамі, запрашэннямі ў госці і, безумоўна, паштоўкамі. Вялікія і зусім малыя, цацачныя, яркія і, наадварот, вытрыманых, аднатонных колераў — яны суправаджаюць кожнае свята. Без іх сапраўды складана ўявіць віншаванне! А што вы думаеце пра віншавальныя карткі на беларускай мове? Асабіста мне гэта вельмі даспадобы. Таму перад святамі я вырашыла прабегчыся па крамах у пошуку беларускамоўных паштовак.

Дзе можна купіць патрэбнае?

У аддзяленнях Белпошты, а яшчэ — у некаторых кніжных крамах. Дарэчы, у апошнія дні даводзілася двойчы забягаць на Галоўпаштамт. Паралельна не магла адмовіць сабе палюбавацца багатай выставай паштовак, якія можна і паглядзець, і набыць — для іх там зроблены цэлы павільён. У першы раз паштовак на беларускай мове там было два стэлажы, менш, чым рускамоўных, але таксама нямала. А вось у другі іх ужо амаль не засталося — можа, толькі нейкіх дзесяць відаў. Касір пацвердзіла — беларускамоўныя паштоўкі бяруць ахвотна, бо прыгожыя.

Калі некаму падабаюцца арыгінальныя "штучкі", то нялішнім будзе заглянуць у крамы, дзе прадаюцца рэчы "хэнд-мэйд". Выбар калядных паштовак там не такі ўжо і вялікі, але затое яны дастаткова арыгінальныя і стыльныя.

Колькі каштуюць? Ад 5 да 20 тысяч, у залежнасці ад якасці. Зробленыя сваімі рукамі — даражэй, стандартныя больш танныя.

Якія яны, беларускамоўныя паштоўкі?

Як звычайна выбіраюць паштоўку? Зразумела, важна, каб яна была прыгожай. Пажадана, каб не залішне стракатай, бо з-за гэтага можна і не разглядзець, што ж за цуд такі на ёй намаляваны. А цяпер паглядзім, у чым асабліваць афармлення віншавальных картак на беларускай мове.

На маю думку, усе беларускамоўныя паштоўкі пад Каляды і Новы год можна падзяліць на тры вялікія "групы" — гэта калі меркаваць па афармленні. Першая група — паштоўкі з сюжэтам нараджэння Ісуса Хрыста. Яны прыгожыя, па-сапраўднаму святочныя, цешаць вока сваёй гарманічнасцю. Другая — паштоўкі з навагоднімі персанажамі — Дзедам Марозам і Снягуркай, аленямі і інш. І трэція — карткі з навагоднімі "атрыбутамі" і інтэр`ерам: калядныя цацкі, прыбраныя ёлкі, заснежнаныя домікі...

Што трошкі расчароўвае, вытворцы паштовак на беларускай мове мала клапоцяцца пра разнастайнасць малюнкаў на картках. Так, мала бярэцца ва ўвагу моладзь, якая любіць сюжэты, дзе неяк абыгрываецца каханне, сяброўства ці проста гумар. Шчыра кажучы, я так і не змагла ўбачыць нешта смешнае, сапраўды вясёлае, што б можна было адправіць у канверце сябру ці сяброўцы. А шкада.

Развівайце творчыя здольнасці!

Чаго не хапае беларускамоўным паштоўкам, дык гэта віншаванняў. Калі паштоўкі на рускай мове можна падзяліць у працэнтных суадносінах прыкладна 50 на 50 з віншаваннямі або без іх (каму што падабаецца), то віншавальныя карткі на роднай мове нічога "не жадаюць" адрасату. Што ж, з іншага боку, гэта развівае творчыя здольнасці. Бо часта толькі беларускамоўнае "З Калядамі і Новым Годам!" падштурхоўвае напісаць у сярэдзіне паштоўкі таксама што-небудзь па-беларуску.

Беларускамоўная паштоўка, нават калі яна не вельмі стыльная (што зробіш, і Рым не адразу будаваўся), — гэта нешта большае, чым звычайная віншавальная картка. Асабіста мне заўсёды прыемна атрымліваць менавіта такія паштоўкі, бо ў іх ужо адразу адчуваецца не проста свята, а яшчэ і сувязь з каранямі.

Надзея Юшкевіч
Звязда, 28 снежня 2012
 
Дата публикации:28.12.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2429
 
Ключевые слова:
Новый год Поздравления Беларуская мова
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме