У рамках праграмы запланавана рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў і сумесных праектаў, накіраваных на развіццё культуры і мастацтва дзвюх краін.
Подпісы пад дакументам паставілі намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі і пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.
Стружэцкі адзначыў, што праграма стане важным стымулам для дзяржаўных органаў і арганізацый па развіцці супрацоўніцтва ў сферы культуры, а таксама актывізуе дзейнасць грамадскіх аб`яднанняў. "Нашы краіны маюць шматвяковую гісторыю добрасуседскіх адносін, у тым ліку ў духоўнай, культурнай сферы, у сферы агульначалавечых адносін, і гэтыя кантакты ніколі не перапыняліся. Мы маем агульную гісторыка-культурную спадчыну, агульных выдатных асоб, якія прынеслі славу і Беларусі, і Польшчы", — заявіў намеснік міністра.
Праграма, у прыватнасці, прадугледжвае актыўную папулярызацыю спадчыны сусветна вядомага кампазітара стваральніка нацыянальнай класічнай оперы і камернай вакальнай лірыкі Станіслава Манюшкі, падрыхтоўку і дапрацоўку дасье па аб`екту гісторыка-культурнай спадчыны "Аўгустоўскі канал" для яго ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, правядзенне дзён культуры ў абедзвюх краінах.
Лешак Шарэпка ў сваю чаргу адзначыў, што дакумент расстаўляе прыярытэты ў супрацоўніцтве і закліканы даць штуршок яго развіццю ў розных сферах.
Да канца года Міністэрства культуры Беларусі плануе падпісаць падобную праграму супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры Латвіі.
БелаПАН, 19 лістапада 2012