https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Магілёўскі курган хаваў сенсацыю


На заканчэнне археалагічнага сезона на кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова аб`явілі аб сенсацыйнай знаходцы.
Заняткі па палявой практыцы для студэнтаў-археолагаў праводзіліся літаральна на пачатку першага снегу на адным з вялікіх курганоў паблізу Магілёва.

— Калі шчыра, то мы выбралі той курган, таму што на ім не раслі дрэвы, і нам шалёна пашанцавала, — не ўтойвае свайго задаволення Ігар Марзалюк, загадчык кафедры археалогіі, доктар гістарычных навук і прафесар, а цяпер яшчэ і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. — Мы знайшлі пахаванне жанчыны з вельмі высокім сацыяльным статусам, якое датуецца канцом Х — пачаткам ХІ стагоддзя. Перад намі — адна з першых хрысціянак Магілёва.

Ігар Марзалюк расказаў пра знаходку на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Капыцінскія чытанні", якая днямі прайшла ва ўніверсітэце, і паказаў упрыгажэнні жанчыны.

Архаічная падвеска ў выглядзе мараўскага крыжа прыгожая і сёння, нягледзячы на векавы пыл. Скроневае кольца (яго насілі на абадку на галаве) выраблена з чыстага арабскага срэбра. Гэтае кольца, якое пакуль выглядае як невялікі скрутак дроту, дакладна гаворыць, паводле спецыялістаў, аб этнічнай прыналежнасці жанчыны: яна была крывічанкай.
3112012
— Сам велізарны курган сведчыць аб высокім сацыяльны статусе жанчыны, якая, хутчэй за ўсё, памерла маладой, — расказвае Ігар Марзалюк пра рэдкую знаходку. — Ёсць сляды выпаленага вялікага вогнішча, падсыпанага чыстага рачнога пяску. Касцяк ляжаў у каменнай крыпце, якая, верагодна, была накрыта дамавінай, але дрэва не захавалася. Затое добра захаваўся элегантны дамскі набор.

Пярсцёнак у зялёнай паціне. Некалькі лунніц — упрыгажэнняў у выглядзе паўмесяца, жаночых сімвалаў. Ад багатых караляў засталіся толькі пацеркі: сердалікавая, потым з сіняга візантыйскага шкла, у выглядзе вока, і з залатой фарбай. Гісторыкі гавораць, што такія пацеркі каштавалі як некалькі рабоў. А для нас, хоць цяпер на нітку — і на руку: мода за дзясятак стагоддзяў, падаецца, не змянілася.

— Дзяўчына была жонкай альбо дачкой багатага дружынніка, прадстаўніка знаці, тагачаснай палітычнай эліты, — мяркуе гісторык. — Магчыма, таго баярына Магілы, які заснаваў Магілёў? Але ва ўсякім разе, гэта пахаванне багатае. Скроневае кольца звычайна рабілі з бронзы. Я ўпершыню сустракаю са срэбра, такое шыкоўнае. І яшчэ, у нагах мы знайшлі рэшты вядра. "Чара зелена віна" — гэта вядзерца з мёдам, якое прызначалася для высакародных нябожчыкаў.

Вельмі важна для гісторыкаў, што гэтае пахаванне знойдзена на правым беразе Дняпра, блізка да гістарычнага цэнтра Магілёва. І дзякуючы гэтай знаходцы, падкрэслівае Ігар Марзалюк, цяпер дакладна вядома, што горад Магілёў заснавалі крывічы. Больш дакладную інфармацыю археолагі разлічваюць атрымаць у новым сезоне, калі пачнуцца даследаванні суседніх курганоў каля абласнога цэнтра. "Там ёсць поўны летапіс старажытнай гісторыі Магілёва", — упэўнены загадчык універсітэцкай кафедры.

А ўсе знойдзеныя цяпер пры раскопках каштоўнасці, упрыгажэнні крывіцкай дзяўчыны будуць традыцыйна перададзены ў музей гісторыі Магілёва.

Ілона Іванова
Звязда, 3 лістапада 2012
 
Дата публикации:03.11.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2643
 
Ключевые слова:
Магілёў Кривичи Археология Раскопки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме