https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


30 тысяч вернікаў на «Будслаўскім фэсьце»


Каля 30 тысяч католікаў зь Беларусі, Польшчы і Расеі прынялі ўдзел у штогадовым сьвяткаваньні аб’яўленьня цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Будслаў наведалі пілігрымы з усёй Беларусі

Удзел у штогадовым «Будслаўскім фэсьце» прыняў апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці і вышэйшыя герархі каталіцкага касьцёлу Беларусі.

Сьвяткаваньні распачаліся напярэдадні сустрэчай пілігрымаў, якія пешшу, роварамі і матацыкламі ішлі і ехалі ў Будслаў з розных гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама з Польшчы і Расеі:

Карэспандэнтка: «Адкуль ішлі?»

Юначка: «З Крупак і Жодзіна — адной пілігрымкай. Чатыры дні».

Карэспандэнтка: «Якія ўражаньні?»


Юнак: «Супэр! Гэта словамі не перадаць!»

Юначка: «Самыя лепшыя, якія толькі могуць быць. Я ўпершыню ішла, але на наступны год пайду ізноў, абавязкова».

Адмыслова для пілігрымаў апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці правёў сьвятую імшу, удзел у якой прынялі таксама больш за сотню сьвятароў. Галоўная ж ўрачыстасьць распачалася апоўначы працэсіяй са сьвечкамі каля будслаўскай сьвятыні, якая сабрала каля 30 тысяч чалавек.

Я ўпершыню ішла, але на наступны год пайду ізноў, абавязкова.

Настаяцель касьцёлу пра адметнасьць «Будслаўскага фэсту» сказаў гэтак:

«Адметнасьць такая, што гэта апошні год падрыхтоўкі да 400-гадовага юбілею будслаўскай сьвятыні. Таксама шмат зроблена рамонту — для нас таксама радасьць і задавальненьне».

Карэспандэнтка: «Ці ўдаецца ўсё, што плянуецца, ці задаволеныя гэтым сьвятам?»


«З Божай дапамогай усё удаецца. І задаволены, канечне. Шмат людзей, супольна моляцца — чаму ня быць задаволеным?»

Яшчэ адной адметнасьцю сталася тое, што «Будслаўскі фэст» сёлета ўпершыню адбываўся не 2 ліпеня, які ёсьць днём успаміну Маці Божай Будслаўскай, а ў ноч зь пятніцы 6 ліпеня і цягам суботы — 7 ліпеня. Як адзначаюць у кіраўніцтве касьцёлу, урачыстасьць набыла рухомы характар дзеля таго, каб удзел у сьвяткаваньні змагла прыняць найбольшая колькасьць людзей. Аднак мясцовыя жыхары з гэтай нагоды не прамінулі выказаць зьдзіўленьне:

Спадарыня: «Мы з гэтай парафіі, Будслаўскай. Для нас сьвята было 2 ліпеня — поўны касьцёл людзей быў. Пад’яжджалі на машынах і з Глыбокага, і з Маладэчна — ніякай табе міліцыі, красата».

Дарэмна перамянілі сьвята — гэта 400 гадоў было 2 ліпеня!

Спадарыня: «Дарэмна перамянілі сьвята — гэта 400 гадоў было 2 ліпеня! Касьцёл быў зачынены, ксяндза не было, мы на каленях абыходзілі сьвятыню, ахвяры — кіёчкамі пад дзьверы падпіхалі».

Карэспадэнтка: «Але ж сёньня вы таксама прыйшлі».

Спадарыня: «Ну, прыйшлі, а як жа мы ня прыйдзем — людзі за тысячы кілямэтраў ехалі, то мы за 8-15 кілямэтраў як ня прыйдзем?»

Спадарыня: «Я ў касьцёл толькі па хваробе не прыходжу, а так — усе сьвяты і кожную нядзельку. Пабудзеш у касьцёле — і на душы лягчэй робіцца».

Сьвята ў Будславе па даўняй традыцыі праходзіла цягам сутак: малітвы, сьпевы і набажэнствы зьмянялі адно адное і доўжыліся праз усю ноч, а завершыліся ўрачыстай імшой у суботу ў другой палове дня.

Прэсавы сакратар каталіцкага касьцёлу, ксёндз Юры Санько гэтак сказаў пра сэнс і значэньне «Будслаўскага фэсту»:

«Тут ня толькі ўрачыстасьць, а важны і сам фэст. Бо самую ўрачыстасьць можна было адсьвяткаваць, прыняўшы ўдзел у імшы. Важна тое, што людзі разам зьбіраюцца, разам моляцца, адпачываюць. І гэта вельмі радуе, што мы можам разьвіваць такі фэст — такую значную падзею ў гісторыі Беларусі».

Сьвята абвяшчэньня цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у наступным годзе будзе адзначацца ў чатырохсоты раз.

Будслаўскі касьцёл бэрнардынцаў быў пабудаваны ў 1783 годзе. Абраз Маці Божай Будслаўскай датуецца канцом 16 стагодзьдзя. Паводле гістарычных зьвестак, цудатворнае зьяўленьне Маці Божай айцам-бэрнардынам адбылося на гэтым месцы 2 ліпеня 1588 году. Тады ж і ўзьнікла традыцыя пілігрымак у Будслаў, якія адбываліся нават у савецкі час. Але першая дазволеная адбылася толькі ў 1992 годзе. Будслаўскі касьцёл абвешчаны Нацыянальным Санктуарыем і з блаславеньня папы рымскага Яна Паўла ІІ абраз Маці Божай Будслаўскай уганараваны залатой каронай 2 ліпеня 1998 году.

Радыё Свабода
, 7 ліпеня 2012
 
Дата публикации:07.07.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2888
 
Ключевые слова:
Будслаў Католики в Беларуси Религия Римско-католическая церковь Будслаўскі фэст Христианство Пілігрымка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме