https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2011


«Бог першы выйшаў нам насустрач і паказаў сваё багатае на ласку і міласэрнасць аблічча. Яго прышэсце ў свет павінна змяняць нас. Таму нам трэба спяшацца да бэтлеемскай пячоры, каб спаткацца з Хрыстом і ў Ім убачыць нашага брата», — адзначае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у пасланні на Божае Нараджэнне.
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2011

Ад Бэтлеема да чалавечага сэрца

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Нарэшце Божае Нараджэнне! Чатыры тыдні Адвэнту ў чуванні мы чакалі гэтага дня і рыхтаваліся да яго. Да сэрца кожнага з нас даходзіць даўнішняе і адначасова новае пасланне анёлаў: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца» (Лк 2, 11). Споўнілася абяцанне Бога, які выслухаў просьбу свайго народу: Прыйдзі, Пане, і збаў нас. Завяршыўся час чакання. Для кожнага змучанага грахом і патрабуючага збаўлення і надзеі чалавека нараджаецца Хрыстус. У вялікіх базыліках, простых касцёлах і капліцах на ўсіх мовах хрысціяне разважаюць над праўдай Богаўцелаўлення. У сэрцы кожнага з нас глыбокім рэхам гучыць жывы ўспамін нараджэння Хрыста Збаўцы, якое вызначыла новы пачатак гісторыі. Дзякуючы Богаўцелаўленню Сын Божы злучыў сябе з чалавецтвам і ўвайшоў у яго гістрыю. Дзверы збаўчай Божай ласкі адкрыліся ўсім людзям.

2. Нагадваюць аб гэтым сённяшнія біблійныя чытанні, якія кажуць пра тое, што «дзіця нарадзілася нам» (Іс 9, 6), «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк, 2, 11 ) і «З’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей» (Ціт 2, 11).

2.1. Бог прыходзіць у гэты свет як безабароннае і патрабуючае дапамогі дзіця, прычым прыходзіць у беднай бэтлеемскай стаенцы. Адно з самых важных здарэнняў гісторыі адбываецца ціха і незаўважальна. Бог прыходзіць да сваіх паціху, як быццам не жадаючы іх застрашыць веліччу таго, што адбываецца. Ён не хоча нас прыглушыць сваёй моцай і становіцца малым, каб мы маглі Яго зразумець, прыняць і палюбіць. Ён не патрабуе ад нас нічога, акрамя любові, дзякуючы якой мы вучымся разумець Ягоныя жаданні, думкі і волю. Такім чыным малы як дзіця Бог кіруе нашымі сумленнямі, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2006/documents/hf_ben-xvi_hom_20061224_christmas_it.html). На пачатку новай гісторыі, абагаўлёнай таямніцай Богаўцелаўлення, Бог ставіць дзіця. Гэтая праўда заахвочвае нас бараніць Божы дар жыцця і чыніць усё магчымае для яго развіцця, каб супрацьстаяць дэмаграфічнаму крызісу і ствараць цывілізацыю любові. Пры гэтым мы павінны ўсвядоміць, што забойства ненароджанага дзіцяці з’яўляецца генацыдам народа, учыненага сваімі рукамі, а смяротнае пакаранне — замахам на Божы дар жыцця і абразай чалавечай годнасці.

2.2. Анёлы абвяшчаюць, што нарадзіўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11). Гэты факт змяніў бег гісторыі. Бог стаўся чалавекам, каб аб’яднаць яго з сабой. Дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення, Сын Божы так моцна з’яднаўся з чалавекам, што працаваў сваімі чалавечымі рукамі, думаў чалавечым розумам, дзейнічаў чалавечай воляй, любіў і цярпеў чалавечым сэрцам. Ён сапраўды стаўся адным з нас і ва ўсім, акрамя граху, падобным да нас (пар. Флм 2, 7). Яго несмяротнае жыццё сталася смяротным, каб крыжовай смерцю збавіць чалавецтва.

Праходзяць стагоддзі, а знак боскага Немаўлятка прамаўляе да нас. Ён з’яўляецца знакам надзеі для тых, хто яе страціў. Знакам міру для тых, хто церпіць. Знакам свабоды для бедных і прыгнечаных. Знакам міласэрнасці для грэшнікаў. Знакам любові і суцяшэння для самотных і пакінутых.

2.3. Праз таямніцу Богаўцелаўлення «з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей» (Ціт 2, 11). Ласка — гэта не што іншае, як Бог з намі, у нас і сярод нас. Ласка — гэта Бог, які адкрываецца чалавеку і становіцца дарам для яго, каб яго самога ўчыніць новым стварэннем, — як навучаў благаслаўлёны Ян Павел II (пар. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1985/ documents/hf_jp-ii_hom_19851224_messa-mezzanotte_it.html.).

Ад часу нараджэння Езуса Хрыста гэтая ласка ўжо не закрытая, але з’явілася ў чалавечым целе і паказала свой твар, бо Нараджэнне Божае — гэта аб’яўленне Бога з чалавечым тварам і сэрцам. Дзякуючы гэтай ласцы чалавек здольны адмовіцца ад пошуку шчасця па-за Богам.

Гэтая ласка была аб’яўлена ўсім людзям і таму ўсім дае новую надзею, бо толькі яна можа перамяніць зло ў дабро, можа змяніць чалавечае сэрца і ўчыніць з яго аазіс супакою.

Хоць Божая ласка з’явілася ўсім, аднак не ўсе яе ўбачылі і прынялі. Чаму так ёсць? Таму што не хацелі і не хочуць гэтага.

3. Таямніцу Богаўцелаўлення можна прыняць толькі ў духу веры. У той жа час сёння з гэтай праўды часта выдаляецца яе рэлігійны змест. Сучасны сусветны гандаль, які не мае нічога супольнага з рэлігіяй, Божае Нараджэнне распачынае ў лістападзе і, з мэтай заахвочвання кліентаў рабіць закупкі, выкарыстоўвае нават рэлігійную сімволіку. Яна, пазбаўленая свайго першаснага духоўнага значэння, уключаецца ў махіну рэкламы і камерцыі. Рэлігійныя сімвалы служаць нерэлігійным мэтам. Святыя рэчы зводзяцца да ўзроўню тавару. Такім чынам, свет камерцыі прысвоіў сабе Божае Нараджэнне з усімі яго рэквізітамі, акрамя аднаго: ён выкінуў з гэтага свята галоўнага пратаганіста — Езуса.

На жаль, у некаторых краінах з вельмі багатай гісторыяй хрысціянства ў імя так званай паліткарэктнасці, якая ўжо дабралася і да рэлігіі, заўважаецца тэндэнцыя выпустошвання свята Божага Нараджэння з яго хрысціянскай сутнасці. Усё часцей замест паштовак з тэкстам віншаванняў з Божым Нараджэннем з’яўляюцца паштоўкі з сезонным віншаваннем — Season`s greetings. Знікаюць з публічных месцаў стаенкі і елкі з рэлігійнымі сімваламі. Гэта яўная тэндэнцыя выкінуць веру з публічнага жыцця людзей і ўчыніць яе толькі прыватнай справай.

Яшчэ ў IV стагоддзі св. Грыгорый Назіянскі ў сваім казанні на Божае Нараджэнне супрацьпаставіў хрысціянскае яго святкаванне язычніцкаму. Ён казаў: «Ушануйма гэтае свята не ярмарачным спосабам, але боскім; не па-свецку, але звышпрыродна; не як нашае, але як Таго, хто ёсць нашым Панам».

Камерцыя, спажывецкая культура і паліткарэктнаць у рэлігійных справах моцна ўплываюць як на падрыхтоўку да святаў, так і на само іх святкаванне. Закупкі, падарункі, гасціны і г. д. з’яўляюцца прычынай таго, што Божае Нараджэнне траціць сваё духоўнае вымярэнне і не пакідае ніякага следу ў нашым жыцці. Прыйшло і прайшло.

4. Ці такім павінен быць хрысціянскі спосаб святкавання Божага Нараджэння? Ці дастатковай будзе знешне прыгожая атмасфера з непакоем у сэрцы? Ці не павінен хрысціянін у такім клімаце задумацца над тым, што з ім робіцца? Ці не павінен задумацца над таямніцай Богаўцелаўлення? Ці не павінен спытаць самога сябе, якое значэнне ў яго жыцці мае той факт, што больш за дзве тысячы гадоў таму Бог стаўся чалавекам і што Хрыстус кожны дзень нараждаецца для яго ў Касцёле?

Таму, калі спажывецкая і ліберальная культура імкнуцца выкінуць хрысціянскія сімвалы са святкавання Божага Нараджэння, нам трэба старацца лепей зразумець сэнс гэтага свята і каштоўнасць яго традыцый, якія належаць да спадчыны нашай веры і культуры, каб іх перадаць новым пакаленням і развіваць далей.

Свята Божага Нараджэння павінна стаць тэстам на нашу хрысціянскую тоеснасць, а менавіта, ці хочам мы сапраўды жыць Божай ласкай або толькі прытрымліваемся традыцыі схадзіць у касцёл, купіць дзецям падарункі, павіншаваць блізкіх, а ў штодзённым жыцці застаёмся падобнымі да няверучых. Больш гуманны свет, пачаткам якога ёсць Божае Нараджэнне, — гэта свет, у якім жыве новы чалавек, здольны супрацьстаяць выклікам часу, асабліва міражам матэрыялізму і кансумізму; супярэчнаму з воляй Божай выкарыстоўванню дасягненняў навукі і тэхналогіі; імкненню да абсалютнай свабоды без Бога; лібералізму ў справах этыкі; абагаўленню амаральных прыемнасцяў і г. д.      

5. Адзін місіянер працаваў у афрыканскай вёсцы, дзе не было вады. Яе трэба было насіць вельмі далёка з ракі. Ён заахвоціў людзей зрабіць артэзіянскую студню, каб заўсёды мець свежую і чыстую ваду. З дапамогаю дабрачынных арганізацый яны рэалізавалі гэты праект. Аднойчы місіянер зайшоў у дом, дзе жыла пажылая жанчына, і папрасіў у яе кубак чыстай вады. Са здзіўленнем ён пачуў, што ў хаце няма пітной вады. «Чаму? — спытаўся місіянер. — Усе ж маюць». «Так, усе маюць, — адказала жанчына. — Але праблема ў тым, што мой унук, з якім я жыву, лянуецца прынесці ваду з артэзіянскай студні».

6. Вось той пункт, у якім знаходзіцца сучасны чалавек! Можна памерці ад недахопу вады там, дзе яе дастакова. Чаму? Таму, што вада не з’яўляецца нашай, пакуль мы самі не прыйдзем да яе крыніцы, каб узяць тое, што нам па праву належыць. Каб заспакоіць нашае прагненне і напіцца вады, нам найперш трэба рэалізаваць наша права на ваду.

Падобна і з праўдай Божага Нараджэння. Нам трэба прыняць яе і адчуць у нашым жыцці, у нашых сем’ях, у нашым грамадстве і ва ўсім свеце.

7. Калі мы разважаем над цудам Божага Нараджэння, то вельмі варта паглядзець, як паводзілі сябе розныя катэгорыі людзей, якія непасрэдна былі звязаны з гэтай падзеяй.

З негатыўнагага боку паўстае гаспадар гасцініцы, які не ўпусціў цяжарную Марыю і Юзафа, кажучы, што няма месца. Таксама і Ірад, які быў гатовы забіць немаўлятка Езуса, бо ў ім бачыў пагрозу свайму валадаранню.

Пазітыўна прадстаўляюцца простыя пастушкі, якія пакінулі свой статак і паспяшылі, каб убачыць нарадзіўшагася Збаўцу. Таксама і Тры Каралі — вучоныя мужы з Усходу — якія прайшлі доўгі і небяспечны шлях да Бэтлеема, каб пакланіцца Езусу і прынесці Яму свае дары. Яны, а не фарысеі і кіраўнікі габрэйскага народа, атрымалі ласку ўбачыць уцелаўлёнага Бога.

Пры нараджэнні Збаўцы не было шпіталя і месца ў заездзе. Не было прафесійнай медыцынскай апекі. Не было гучнага прывітання нованароджанага. Не было віншаванняў. Не было дастаткова цяпла. Не было вадаправода. Не было электрычнасці. Але было дастаткова любові, бо без яе жыццё было б нязносным. Таму Божае Нараджэнне — гэта пацалунак Бога з зямлёй, які прынёс людзям новую надзею.

8. А як з намі? Ці мы сапраўды бачым нованароджанага Збаўцу? Ці з патрэбы душы спяшаемся пакланіцца яму? А можа, толькі аддаем даніну традыцыі? У выніку чаго пад елкай знаходзіцца ўсё больш бліскучых і дарагіх падарунакў, але паміж намі няма Бога, які нам у падарунку ахвяраваў самога сябе. Калі такой, пабудаванай самім чалавекам, будзе наша вера, то яна не будзе сапраўднай, бо будзе пазбаўлена духоўных каштоўнасцяў, а грамадства без Бога застанецца скажоным.

Бог першы выйшаў нам насустрач і паказаў сваё багатае на ласку і міласэрнасць аблічча. Яго прышэсце ў свет павінна змяняць нас. Таму нам трэба спяшацца да бэтлеемскай пячоры, каб спаткацца з Хрыстом і ў Ім убачыць нашага брата. Святкаванне Божага Нараджэння не будзе мець поўнага сэнсу і тады, калі хрысціяне не будуць умець абвяшчаць Яго праз сваё жыццё іншым людзям.

Таму, як мы спяваем у папулярнай каляднай песні, «абудзіся, беларусе-братка», бо для цябе Бог нарадзіўся. Абудзіся, той, хто спіць, і паўстань з грахоўнай магілы, і заяснее табе Хрыстус. Чалавек, ты памёр бы навекі, каб Ён не нарадзіўся ў час.

9. Аднойчы малая дзяўчынка пасля святой Імшы на Божае Нараджэнне спыталася ў сваёй мамы: «Мама! Сёння нарадзіўся Пан Езус. Год таму я таксама чула, што Ён нарадзіўся. Так было і два гады таму. Колькі ж разоў Ён тады нарадзіўся?» Папа Інакенцій III на гэтае пытанне адказаў наступным чынам: «Езус нараджаецца з Бога Айца заўсёды. З сваёй маці Ён нарадзіўся толькі адзін раз. Але ў нашых сэрцах Ён нараджаецца часта».

Няхай жа нашым самым прыгожым святочным дарам і зычэннем будзе тое, каб Езус як мага часцей нараджаўся ў нашых сэрцах.

10. Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі, усе людзі добрай волі!

Са святам! З Раством Хрыстовым! Ад усяго сэрца віншую вас з гэтым радасным, збаўчым і даючым новую надзею святам Богаўцелаўлення!

Віншую католікаў і вернікаў іншых хрысціянскіх веравызнанняў, якія сёння адзначаюць гэтае свята. Асабліва віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і ў чуванні рыхтуюцца да свята Божага Нараджэння. Хоць літургічныя календары ў нас розныя, аднак сэнс свята аднолькавы, а менавіта — Богаўцелаўленне. Таксама і мы ў нашым служэнні Народу Божаму павінны быць адзінымі, каб разам сведчыць праўду Евангелля, бараніць хрысціянскія каштоўнасці і на іх будаваць нашае жыццё.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Бог стаўся чалавекам і збавіў усіх. Таму і наша радасць мае права быць супольнай.

Жадаю, каб Хрыстус сваёю ласкаю нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб мы ўсе ў Ім адкрылі Збаўцу, зведалі безабаронную любоў Бога, Яго пакору і міласэрнасць, а таксама навучыліся новаму спосабу жыцця, узаемнай пашане і любові.

У гэтае збаўчае і радаснае свята заклікаю вас глыбока да сэрца прыняць словы прарока нашага часу, Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» Адчыніце, бо Ён хоча нарадзіцца і быць у нашых сэрцах і іх умацоўваць сваёю ласкаю. Ён дапаможа нам лепей зразумець сябе саміх, наша грамадства і яго праблемы, каб на прынцыпах Евангелля мы маглі вырашыць іх годна, як адпавядае нашаму народу. Бо сустрэча з Хрыстом з’яўляецца найлепшым лекам для пагружанага ў крызіс свету. Калі нам пагражаюць духоўная засуха і смерць, у Хрысце ёсць будучыня, жыццё і радасць, — навучаў папа Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Германію у верасні гэтага года (пар. http://www.fronda.pl/news/czytaj/tytul/ terlikowski:_apostol_piotr_na_berlińskim _areopagu_15614).

Пане Езу Хрыстэ, Ты сваім нараджэннем прынёс сапраўдны мір у гэты свет, адары нас сваёю ласкаю, мудрасцю і трываласцю. Няхай там, дзе праяўляецца азлобленасць, пануе любоў; дзе крыўда — прабачэнне; дзе падзел — еднасць.

Паводле старой традыцыі, у святую ноч Божага Нараджэння ваюючыя бакі на фронце спынялі агонь і нават хадзілі адно да аднаго ў госці. У гэтае свята духоўнага міру і супакою пададзім адно аднаму рукі ў імя народжанага ў Бэтлееме Збаўцы, які такім чынам прысутнічае сярод нас, паяднаемся ў імя светлай будучыні нашай Краіны. Мы ж усе яе дзеці, нам тут жыць і ісці да вечнасці.

Як залог нашай еднасці ў нованароджаным Збаўцы і новай надзеі, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), дзялюся з усімі вамі аплаткам і, давяраючы апецы Багародзіцы, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі


Мінск, 8 снежня 2011 г.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Выкарыстаная літаратура:
1. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1985/ documents/hf_jp-ii _ hom_19851224_ messa-mezzanotte_it.html    
2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2006/ documents/hf_ben-xvi _hom_20061224 _christmas_it.html
3. http://www.fronda.pl/news/czytaj/tytul/terlikowski:_apostol_piotr_ na _ berlinskim _areopagu_15614

Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам на свята Божага Нараджэння 25 снежня 2011 г.

catholic.by
17 снежня 2011
 
Дата публикации:17.12.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3353
 
Ключевые слова:
Католики в Беларуси Рождество Христово Религия Христианство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме