https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сем цудаў прыроды


Пасля двухгадовага галасавання з удзелам мільёнаў людзей па ўсім свеце быў складзены новы спіс пад інтрыгуючай назвай "7 цудаў прыроды"

Паводле Nеw7Wоndеrs, кампаніі, якая арганізавала гэта міжнароднае спаборніцтва, першапачаткова ў спісе кандыдатаў было каля 440 месцаў, але цяпер адабраны папярэднія сем пераможцаў. Афіцыйныя вынікі будуць абвешчаны на пачатку наступнага года, а пакуль спіс з сямі месцаў, якія атрымалі больш за мільён галасоў, выглядае наступным чынам.

Вадаспады Ігуасу, Аргенціна

Вадаспады Ігуасу, размешчаныя на аднайменнай рацэ, з`яўляюцца аднымі з найбуйнейшых вадаспадаў у свеце. Яны распасціраюцца больш чым на 2700 метраў у даўжыню і ствараюць рад паўкруглай формы. З 275 асобных вадаспадаў, якія разам і складаюць вадаспады Ігуасу, самым высокім з`яўляецца "Горла Д`ябла". Вада тут падае з вышыні каля 80 метраў. Гэты цуд свету размешчаны на мяжы бразільскага штата Парана і аргенцінскай правінцыі Місьёнес і акружаны двума нацыянальнымі паркамі. Абодва паркі — гэта субтрапічныя лясы, якія з`яўляюцца домам для сотняў рэдкіх і знікальных відаў раслін і жывёл.

Амазонка і амазонскія джунглі


Трапічныя лясы Амазонкі, таксама вядомыя як Амазонія, Амазонка ці джунглі басейна Амазонкі, складаюцца з 7 мільёнаў квадратных кіламетраў непраходных джунгляў, якія раскінуліся на тэрыторыі дзевяці краін. Па сваёй тэрыторыі Амазонія — гэта больш за палову з усіх трапічных лясоў, якія засталіся на планеце. Гэтае месца з`яўляецца адным з найбольш багатых на флору і фаўну.

Востраў Чэджу, Паўднёвая Карэя


Востраў Чэджу-до (ці Чэджу) тэрытарыяльна размешчаны ў Карэйскім праліве за 130 кіламетраў ад узбярэжжа Рэспублікі Карэя. Чэджу — востраў вулканічнага паходжання, які ўзнік каля 2 млн гадоў таму. Плошча, якую займае востраў, складае 1845 кв. км. На востраве размешчаны вулкан Халасан, які з`яўляецца самай высокай кропкай краіны (1950 м). Халасан акружаны 360 невялікімі вулканамі-спадарожнікамі. Чэджу вядомы разгалінаванай сістэмай лававых труб (пячор), створаных падчас вывяржэння вулкана 100—300 тыс. гадоў таму. Тэмпература ў пячорах каля 11—21°С. Тунэлі Чэджу-до ўпрыгожаны натуральнымі каменнымі сталактытамі і калонамі. У кальдэры вулкана размешчана адзінае натуральнае возера ў краіне. Прысутнічаюць вадаспады. Клімат пераважна субтрапічны. Востраў Чэджу з`яўляецца аб`ектам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падземная рака Пуэрта-Прынцэса, Філіпіны

Падземныя рэкі Пуэрта-Прынцэса і аднайменны нацыянальны парк размешчаны прыкладна за 50 кіламетраў ад горада Пуэрта-Прынцэса на Філіпінах. Адметнасцю гэтага месца з`яўляецца гара з падземнай ракой даўжынёй 8,2 кіламетра. Прычым па выхадзе з гары адразу ўпадае ў Паўднёва-Кітайскае мора. Раку-пячору ўпрыгожваюць шматлікія сталактыты і сталагміты, а таксама некалькі вялікіх гротаў. Гэта самая доўгая падземная рака ў свеце. Вусце пячоры аздоблена старажытнымі дрэвамі, якія растуць тут жа, у вадзе, а пляж каля ўвахода ў пячору дае прыстанак розным жывёлам.

Нацыянальны парк Камода, Інданезія

Нацыянальны парк Камода тэрытарыяльна размешчаны паміж астравамі Флорэс і Сумбава, Інданезія. Парк уключае тры астравы: Камода, Рынка, Падар і некалькі дробных астраўкоў. Агульная плошча — 75 тыс. гектараў. На тэрыторыі парку разнастайная флора і фаўна. Уключаючы камодскага варана (дракон Камода) — самай буйной яшчаркі на Зямлі. Нацыянальны парк Камода ўключаны ў спіс аб`ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Бухта Халонг, В`етнам

Заліў Халонг размешчаны на ўзбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора (В`етнам). Халонг вядомы тым, што па заліве раскідана мноства астраўкоў (яны складаюцца з вапняку) розных памераў і формаў (уключаючы "скульптурныя"). Налічваецца іх каля 2000. Халонг азначае "заліў драконаў, якія спускаюцца". Таксама ў заліве можна сустрэць пячоры і гроты і палюбавацца сталактытамі і сталагмітамі. Заліў Халонг таксама занесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сталовая гара, Паўднёвая Афрыка

Сталовая гара, ці Тафельберг, размешчана на ўзбярэжжы Сталовай бухты недалёка ад Кейптаўна, ПАР. Сталовая гара ўзвышаецца на 1086 метраў над узроўнем мора. Яна мае вертыкальныя схілы і плоскую вяршыню (адкуль і назва гары). Гара складаецца з некалькіх участкаў: гэта плоскае плато Сталовай гары, пік Д`ябла, пік Дванаццаці Апосталаў, пік Ільвінай галавы. З`яўляючыся выбітнасцю Кейптаўна, Сталовая гара прыцягвае турыстаў з усяго свету. На гару магчымы ўздым з дапамогай канатнай дарогі.

Звязда, 2 снежня 2011

 
Дата публикации:02.12.2011
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:3625
 
Ключевые слова:
Путешествия Чудеса природы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме