https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Курапатах прайшоў мітынг памяці ахвяраў таталітарызму


Прыкладна тысяча чалавек узялі ўдзел у мітынгу, які прайшоў сёння ў Курапатах — месцы масавага знішчэння ахвяраў таталітарызму. Мітынг і шэсце ва ўрочышча былі прымеркаваны да дня памінання продкаў Дзяды.
Выступаючы на мітынгу, адзін з заяўнікаў акцыі намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрась Беленькі ўказаў на вялікую колькасць маладых людзей сярод прысутных. "Калі ў моладзі ёсць пачуццё памяці ў адносінах да сваіх продкаў і здольнасць ахвяраваць сваімі сіламі для ўвекавечання гэтай памяці, значыць, беларуская нацыя не загіне", — упэўнены ён.

Беленькі заявіў, што беларускім палітыкам трэба быць мудрымі. "Год таму, на гэткім жа мітынгу ў Курапатах, я заклікаў беларускіх палітыкаў не браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, што праходзілі паводле сцэнарыя ўлады. Я папярэджваў іх, што на гэтых выбарах непазбежныя правакацыі. Аднак да нашых слоў ніхто не прыслухаўся. Іншым разам мудрасць заключаецца ў тым, што трэба адвярнуцца ад ворага. Але на мінулых выбарах ніхто ад яго не адвярнуўся, і зараз мы маем тое, што маем", — падкрэсліў палітык.

Паводле яго слоў, шэсце пад нацыянальнай сімволікай у Курапаты надзвычай важнае для духоўнага адраджэння беларускага народа. "Калі мы былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета, нам многія казалі, што беларуская мова, бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" — гэта не першачарговыя задачы, спачатку трэба забяспечыць матэрыяльны дастатак людзей. Аднак зараз мы бачым, што калі няма духоўнасці, калі няма святыняў, не можа быць і матэрыяльнага дабрабыту", — заявіў намеснік старшыні КХП-БНФ.

Яшчэ адзін арганізатар акцыі, Алесь Чахольскі, у сваю чаргу зазначыў: у 2001 годзе ў Курапатах было ўстаноўлена ўсяго 20 крыжоў, а зараз іх прыкладна тысяча. "Я спадзяюся, што калі-небудзь у Курапатах кожны бязвінна расстраляны тут атрымае сваю магілу і свой крыж", — сказаў ён.

Мітынг закончыўся каля памятнага каменя выкананнем гімна "Магутны Божа".

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 30 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:30.10.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4593
 
Ключевые слова:
Дзяды Курапаты День поминовения
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме