Перад памінальнай малітвай “Кадзіш” стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн зазначыў:
“Сёньняшні жалобны дзень катастрофы эўрапейскага габрэйства мы адзначаем адразу пасьля шэрагу нашых сьвятаў радасьці. Габрэйская радасьць ня можа быць без памяці аб ахвярах Галакосту і іншых трагічных падзеях нашай гісторыі. Ахвяры Катастрофы тут з намі і ў жалобныя дні й дні радасьці”.
Жалобнае дзейства было ня доўгім. Пасьля малітваў людзі ўсклалі да памятнага знаку, паводле габрэйскай традыцыі, каменчыкі, запалілі сьвечкі памяці й разышліся.
Дзень Катастрофы (Йом ха-Шоа) – нацыянальны дзень жалобы ў Ізраілі і за яго межамі. Ён устаноўлены Кнэсэтам у 1951 годзе. У гэты Дзень па ўсім сьвеце згадваюць габрэяў – ахвяраў нацызму за часамі Другой Усясьветнай вайны. Галакост забраў жыцьці 6 мільёнаў габрэяў.
У Магілёве ў Другую усясьветную вайну фашысты забілі больш за дзесяць тысяч габрэяў. Дакладная колькасьць невядомая. Тры гады таму на месцы ўваходу ў магілёўскае гета быў ўсталяваны памятны знак. Сродкі на яго габрэі зьбіралі талакой.
23 кастрычніка 2011
Радыё Свабода