Важныя дробязі
Чым старэйшай становіцца жанчына, тым больш дабрадушнай і менш азлобленай яна становіцца. Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы з Вялікабрытаніі.
Асабліва прыкметныя змены ў характары жанчын 40—50 гадоў. Хоць гэтыя дамы і менш скрытныя, чым маладыя жанчыны, затое яны больш памяркоўныя і добрыя да навакольных. А вось характар мужчын з узростам у лепшы бок не мяняецца.
Гэтыя высновы яшчэ раз пацвярджаюць заключэнне навукоўцаў, зробленае некалькі гадоў таму: характар і псіхалагічны партрэт мяняюцца практычна на працягу ўсяго жыцця чалавека.
Форма броваў выдае ваш характар
Ужо не першы сезон у модзе шырокія, густыя, цёмныя бровы. Але не ўсе жанчыны гатовы прытрымлівацца гэтага трэнду, і большасць усё-ткі лічыць за лепшае афармляць бровы так, як ім больш пасуе. Але не многія ведаюць, што форма броваў можа шмат што расказаць пра характар.
Амерыканскія візажысты выявілі заканамернасць паміж тым, якой форме броваў аддае перавагу жанчына, і рысамі яе характару. Гэтыя высновы пазней пацвердзілі і псіхолагі. Высветлілася, што густыя, прамыя і цёмныя бровы можна часта ўбачыць на тварах сур`ёзных, яркіх, валявых і мэтанакіраваных жанчын.
Можна вызначыць і іншую тэндэнцыю: густыя бровы з`яўляюцца прыкметай павышанага ўтрымання мужчынскага гармону тэстастэрону ў крыві жанчыны і гавораць пра тое, што дама выступае за роўнасць полаў.
Калі вы практычна цалкам вышчыпваеце бровы, пакідаючы толькі тонкую нітку валасінак, гэта, хутчэй за ўсё, значыць, што вы адчуваеце сябе адзінокай. Чым больш незапатрабаванай адчувае сябе жанчына, тым танчэйшае яе брыво.
А вось калі вы аддаяце перавагу бровам домікам, то гэта выдае вашу інфантыльнасць і часам непастаянства.
Адзінота забівае. І гэта не проста словы
Псіхолагі сцвярджаюць, што адзінота не менш небяспечная для чалавека, чым курэнне і лішняя вага, а магчыма, і нават больш. Адсутнасць сувязяў з іншымі людзьмі не толькі робіць нас няшчаснымі, але таксама негатыўна адбіваецца на здароўі душы і цела. Такія апошнія навуковыя звесткі, атрыманыя падчас даследаванняў.
Пачуццё адзіноты або ізаляцыі павышае крывяны ціск, стрэс і агульны ўзровень стомленасці, а таксама павялічвае шанцы на развіццё хваробы Альцгеймера. Акрамя таго, гэтае пачуццё змяншае сілу волі.
Атрыманыя вынікі былі выкладзены прафесарам Джонам Качыопа з універсітэта Чыкага на штогадовай канферэнцыі Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі. Адзінота не толькі вядзе да змянення паводзін, але і звязана з развіццём супраціўляльнасці нармальнаму цячэнню крыві па сасудах, адзначыў прафесар Качыопа.
Адзінота прыводзіць да павелічэння (з самай раніцы) узроўню гармону стрэсу — картызолу, які, у сваю чаргу, уплывае на імунную сістэму, вядзе да павышэння артэрыяльнага ціску і развіцця дэпрэсіі. Адзінота або сацыяльная ізаляцыя таксама вядуць да парушэння глыбокага сну і хуткага прагрэсавання хваробы Альцгеймера.
З пункту гледжання здароўя, сцвярджае прафесар, розніца паміж адзінокім і папулярным чалавекам блізкая да "курца і некурца": "Гэтае адкрыццё ашаламіла ўсіх нас — мяне і ўсіх маіх калег — з пункту гледжання наступстваў, што выклікае адзінота. Гэта паказвае, наколькі магутнымі з`яўляюцца чалавечыя стасункі для кожнага з нас.
Адзінокія, як правіла, маюць слабае здароўе. Яны радзей займаюцца фізічнымі практыкаваннямі, спажываюць больш калорый. Каб стварыць сабе адчуванне камфорту, яны ядуць больш тлушчаў і салодкага. Адзінота зніжае здольнасць да самакантролю. Вельмі проста пасля няўдалага дня схапіць келіх-другі піўка, а трэці ўжо дасць некаторае заспакаенне", — тлумачыць Джон Качыопа.
Хутчэй за ўсё, адзінота падчас эвалюцыі стала своеасаблівай падказкай да дзеяння — гэта сігнал ад нашых продкаў паказвае на неабходнасць "рамонту" сацыяльных сувязяў.
Падрыхтавала Ева Адамава
Звязда