https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лікуе сэрца, радуецца розум, святкуе воля!


Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Гэтыя словы, падобна сонечнаму промню, разганяюць начную цемру і абвяшчаюць раніцу жыцця, сцвярджаюць Царства благадаці і радасць аб Уваскрэслым Госпадзе!

"Хрыстос Уваскрэс"! — лікуе сэрца!

"Хрыстос Уваскрэс"! — радуецца розум!

"Хрыстос Уваскрэс"! — святкуе воля, абноўленая подзвігам посту!

Нам зноў і зноў хочацца паўтараць гэтыя словы. Уся наша істота жадае напоўніцца благадаццю Уваскрэслага Бога, таму што мы з вамі — удзельнікі радасці Прасвятой Багародзіцы, радасці апосталаў і вучняў Хрыстовых, радасці ўсіх святых...

Пройдзены шлях Святой Чатырохдзясятніцы. Мы слухалі пакаянныя спевы канона Андрэя Крыцкага. Падобна таму, як апосталы Лука і Клеопа ішлі ў Эмаус, мы, у сваім шэсці да Пасхі Хрыстовай, разважалі між сабою пра падзеі Пакутнага тыдня: "што адбылося з Іісусам Назаранінам... як выдалі Яго... для асуджэння на смерць і распялі" (Лк. 24, 15-20).

Усё наша жыццё — гэта шлях вучняў у Эмаус, шлях праз горыч сумнення да ззяння Пасхі Хрыстовай. Яго падзяляе з намі Сам Гасподзь. Як дабравесціць святы апостал Лука, "калі яны размаўлялі і разважалі, Сам Іісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі" (Лк. 24, 15).

Узлюбленыя! Тое, што нам уяўляецца нашым, чалавечым шляхам да Бога, аказваецца ў той жа час шляхам, па якім Сам Гасподзь сыходзіць да нас. Часам нам здаецца, што мы адзінокія... Але гэта Гасподзь навучае нас цішыні, у якой загучыць Пасхальны дабравест! Мы думаем, што нас зневажаюць... Але гэта Гасподзь дае нам магчымасць далучыцца да Крыжа, каб і ў нашай душы заззяла святло Уваскрасення Хрыстовага!

Дарагія браты і сёстры! Шлях ад Крыжа да Пасхі мы здзяйсняем і ў гэтым годзе. У дні Вялікага посту ў метро горада Мінска быў учынены тэрарыстычны акт. Загінулі людзі. Многія былі паранены. Але не паніка, не падазронасць і адчужэнне сталі дамінуючымі пачуццямі нашых суграмадзян. Гора аб`яднала нас, выявіла лепшыя рысы беларускага народа: спагадлівасць, міласэрнасць, жаданне дапамагчы бліжняму. Няхай гэтыя дабрадзейнасці, падобна духоўнаму шчыту, адводзяць усякую варожую стралу, якая ляціць на нашу зямлю.

Сёлета спаўняецца 25 гадоў шэсця беларускага народа крыжовым шляхам чарнобыльскай бяды. Шмат слоў сказана пра яе... Яшчэ больш перажыта сэрцамі простых людзей. Сёння сэрцы нашы зноў засмучаны з-за беспрэцэдэнтных прыродных катаклізмаў, войнаў і іншых выклікаў, з якімі сутыкаецца сучасная цывілізацыя.

Але Пасха — гэта перамога Жыцця! Гасподзь, Які ўзяў на Сябе грахі свету, сёння прасвятляе нас промнямі найсвятлейшага Уваскрасення! Таму мы адважна спяваем, усклікаем і прамаўляем пераможную песню:

Хрыстос увакрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў!

Наш Бажэственны Настаўнік перамог свет і ўручыў нам плады гэтай перамогі. Таму мы, хрысціяне, маем уладу рабіць дабро і любіць адзін аднаго! Менавіта да гэтага заклікае нас святы апостал і евангеліст Іаан Багаслоў: "Узлюбленыя! калі так узлюбіў нас Бог, то і мы павінны любіць адзін аднаго" (1 Ін. 4, 11).

Жыццёвая пазіцыя хрысціяніна — гэта пасхальная, дзейная любоў. Хрысціянінам называецца не той, хто пасіўна чакае ад суседа спачування. Мы самі павінны быць прыкладам стойкасці і мужнасці для бліжняга. Няхай сёння кожны струджаны і абцяжараны, гледзячы на хрысціяніна, адчуваючы лікаванне яго сэрца, пажадае далучыцца да нашай радасці. Няхай кожны паўтарае словы апостала Паўла: "Я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ... ні цяперашняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні якое стварэнне іншае не зможа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым" (Рым. 8, 38-39).

Цуд любові здольны спыніць чарнобыль граху ў нашых душах, у нашых сем`ях, у нашай дарагой Бацькаўшчыне — Беларусі! Адкінем страх ад нашых сэрцаў. Бо, паводле слова Пісання: "Дасканалая любоў праганяе страх" (1 Ін. 4, 18). Калі мы народжаны ў гэты свет — будзем памятаць, што Бог любіць нас! Калі мы жывём у сем`ях — будзем ведаць, што мы — Царква Хрыстова! Калі мы — грамадзяне Беларусі, будзем радавацца і дзякаваць Богу за гэта! Бо мы ходзім па зямлі, дыхаем паветрам і гаворым на мове святых, якія праславілі месца гэтае перад Абліччам Божым!

Сіла Уваскрэслага Бога дзейнічае праз стагоддзі. Яна жыватворыць Царкву, а разам з Ёю ўсё грамадства, і ў нашы дні. Пад уплывам гэтай сілы нядаўна адбыўся Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, які прыняў важныя рашэнні ў галіне ўнутранай і знешняй дзейнасці Маці-Царквы. У гэтыя пасхальныя дні я звяртаюся да ўсіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы з заклікам — словам і справаю садзейнічаць іх ажыццяўленню.

Дарагія браты і сёстры! Радасна святкуючы сёння Уваскрасенне Хрыстова і дасылаючы адзін аднаму радасныя пасхальныя вітанні, мы сведчым усім аб спасенні свету, якое дадзена нам у Хрысце. Як Гасподзь, раздзяляючы, прымножыў пяць хлябоў і насыціў імі пяць тысяч чалавек, так і мы пакліканы падзяляць сваю радасць з бліжнім і праз гэта — прымнажаць яе, каб ніхто не застаўся галодным і сасмяглым.

Вітаю і віншую з Хрыстовай Пасхай усіх беларусаў, што жывуць у рассеянні. Мы аддаленыя адзін ад аднаго прастораю, але ў гэтыя дні нашы сэрцы з`яднаныя. Бо Хрыстос рукі распасцёр на Крыжы, каб сабраць раскіданых і явіць адзінства чалавечага роду Сваім слаўным Уваскрасеннем!

У гэты дзень, "які стварыў Гасподзь" (Пс. 117, 24), жадаю ўсім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы шчодрых благадатных дароў ад Уваскрэслага Госпада нашага Іісуса Хрыста! Будзем кіраваць жыццесцвярджальным заклікам апостала Паўла: "Радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, мірнымі, — і Бог любові і міру няхай будзе з вамі" (2 Кар. 13, 11).

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

ФІЛАРЭТ, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.


Звязда
23 красавіка 2011

 
Дата публикации:24.04.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4205
 
Ключевые слова:
Пасха Филарет Пасхальное послание Христианство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме