https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Яго песні спяваем


Нядаўна ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла пасмяротная кніга вядомага беларускага паэта-песенніка Аляксандра Лягчылава "Астравы шчасця".
З песні "Чарка на пасашок" пачынаецца бадай кожная народная бяседа. Хоць песня гэтая — зусім не народная.

Так бывае часта: мы добра ведаем нейкую песню, нейкая мелодыя гучыць у нашай галавае, але аўтара мы назваць не можам. Як ні дзіўна, але для аўтара — гэта і ёсць найвялікшае народнае прызнанне (калі песня, мелодыя самі па сабе жывуць у народзе) і сведчанне таго, што твор ягоны сапраўды варты і выбітны.

Яшчэ бывае так: мы ведаем выканаўцу песні і яна цалкам асацыюецца ў нас з яе публічным прадстаўніком — з гучным прозвішчам і ў стракатых сцэнічных строях. Але ў песні ёсць не толькі выканаўца, але і паэт, і кампазітар. Калі гаворка пра эстрадную культуру, то, як правіла, гэтыя людзі застаюцца ў цені, па-за ўвагай. Але Аляксандра Лягчылава любілі і ведалі ўсе.

— Саша быў вельмі сціплы і інтэлігентны. Пісаў ён неяк употай заўжды... — распавядае мама паэта Вольга Лягчылава. — Аднойчы мы паехалі ўсёй сям`ёй да майго брата Аляксандра Русановіча ў госці ў Севастопаль (дарэчы, ён працаваў у "Звяздзе" з 1936 па 1938 г.). Саша адышоў ад нас, лёг на пясочак і доўга так ляжаў, нешта занатоўваў. Я падышла да яго спытаць, што ён піша. Аказалася, што ён пісаў вершы... Я тады зразумела, што нешта ў яго ёсць вельмі сур`ёзнае, што ён піша па-сапраўднаму, хоць тады яшчэ толькі заканчваў дзесяцігодку.

Людзі памятаюць не толькі песні Аляксандра Кузьміча, якіх больш за 300 і якія выконвалі "Песняры", "Бяседа" і іншыя славутасці нашай эстрады, але і самога паэта. Прэзентацыя зборніка песень "Астравы шчасця" адбылася ў Мінскім дзяржаўным гандлёвым каледжы, які з 1999 па 2005 г. узначальваў Аляксандр Лягчылаў. Цяперашні дырэктар каледжа Георгій Космач заняў гэтую пасаду па рэкамендацыі Аляксандра Кузьміча:

— У Аляксандра Лягчылава быў талент не толькі ў паэзіі і музыцы, але і ў галіне кіравання і адукацыі. У яго былі выдатныя прыродныя задаткі і чалавечыя якасці. Дзеці заўжды да яго цягнуліся. Ён выдатна спалучаў у сабе лірычную душу і талент кіраўніка. Некалі ён працаваў у Міністэрстве народнай асветы, таму галіна адукацыі яму была знаёмая...

Аляксандр Лягчылаў сапраўды быў вельмі шматгранным чалавекам: паэт, кандыдат эканамічных навук. З 2004 года і да канца жыцця ён быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета ад Савецкага раёна.

Наталля Сядзельнікава, рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі, сябравала з Аляксандрам Лягчылавым і амаль перад самым яго сыходам зрабіла тэлеперадачу пра паэта:

— У Сашы не было вялікіх дзяржаўных званняў, але яго ведалі ўсе. Яго любілі не толькі таму, што ён быў таленавітым чалавекам, але за яго працавітасць ва ўсіх сферах. Я вось заўжды думала, што вершы павінны прысніцца. А Саша мне расказваў, што ён кожнае слова вельмі доўга падбірае... Калі ён узначаліў Гандлёвы каледж, я ў яго спытала: "Саш, калі ты быў у Інстытуце культуры, мне гэта было зразумела, але як з табой стасуецца Гандлёвы каледж?" На што ён мне адказаў: "Калі кожны гандлёвы супрацоўнік, які будзе тут вучыцца, стане займацца музыкай, пісаць і чытаць вершы, ён жа потым будзе да людзей па асабліваму ставіцца". Саша быў унікальны чалавек, які апярэджваў свой час. Аднойчы ў 1996 годзе ён мне патэлефанаваў і сказаў: "Слухай, а давай зоймемся Еўрабачаннем!" Вось тым, чым цяпер займаецца ўся рэспубліка. Ён хацеў, каб нашая беларуская песня прагучала на ўвесь свет. Тады мы зрабілі велізарны музычны праект і пайшлі да тагачаснага кіраўніцтва. Наша распрацоўка была прынятая на "ўра", але тады нам сказалі: "Ведаеце, у нас ёсць "Славянскі базар", і гэта нам не трэба". І вось прайшло 10 гадоў, і аказалася, што гэта трэба. А першы чалавек у рэспубліцы, які да гэтага дадумаўся, быў Аляксандр Кузьміч Лягчылаў. Ён быў вельмі разнастайнай асобай. Яго хапала на ўсё і на ўсіх... Калі Саша сышоў, мне здаецца, наша краіна збяднела...

Матуля Аляксандра Лягчылава распавяла, што ў хуткім часе на доме па вуліцы Я. Коласа, дзе жыў паэт, будзе ўсталяваная мемарыяльная дошка.

Вольга Чайкоўская
Звязда
7 снежня 2010

 
Дата публикации:08.12.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4623
 
Ключевые слова:
Поэты Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме