https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На гасцінным падворку


Днямі ў Мінску прэзентаваўся інфармацыйны цэнтр па аграэкатурызме. Па словах кіраўніка арганізацыі “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай, супрацоўнікі цэнтра будуць праводзіць кансультацыі, у тым ліку і анлайн, з гаспадарамі аграсядзіб, распрацоўваць экскурсійныя маршруты. З цягам часу філіялы цэнтра пачнуць працаваць ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Наша краіна валодае сапраўдным багаццем — сотнямі самабытных маляўнічых вёсак. І так хочацца калі-нікалі адпачыць ад безупыннага шуму і мітусні горада, атрымаць асалоду ад цішыні і прыгажосці прыроды. Такое жаданне нядаўна ўзнікла і ў мяне. І мы ўсёй сям’ёй адправіліся ў вёску Лабады, што ў Дзяржынскім раёне, зусім побач з Мінскам, на сядзібу “Аляксандра” да гаспадыні Наталлі Будзіловіч. Жанчына гэтая незвычайная. Пяць гадоў таму яна кардынальна змяніла жыццё: кінула паспяховую кар’еру эканаміста, пераехала з мінскай кватэры ў вясковую хату, якую пабудаваў яшчэ яе бацька, узяла крэдыт, абзавялася гаспадаркай і пачала прымаць гасцей.

— Мне падабаецца знаёміцца з новымі людзьмі, — гаворыць Наталля. — Да нас прыязджаюць турысты з Расіі, Украіны, Ізраіля. Мінчане часта адпачываюць — і сем’ямі, і кампаніямі. Студэнты адзначаюць святы. Сярод іх былі неяк афрыканцы, кітайцы, в’етнамцы. А летась у нас адбылася сустрэча выпускнікоў — прыехалі людзі з Херсона, Днепрапятроўска, Чаркасаў, Кіраваграда, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Уладзіміра, Сызрані. А калі адна турфірма праводзіла праект “Канікулы ў Прастаквашына”, то ў нас два тыдні жылі мамы з дзецьмі ад двух да чатырох гадоў. Мае госці становяцца мне сябрамі, мы перапісваемся ў Інтэрнэце, тэлефануем адзін аднаму, віншуем са святамі. Галоўнае ў маёй працы — адчуваць запатрабаванасць. Дзеці таксама з задавальненнем жывуць у вёсцы, хаця і вучацца ў Мінску. Старэйшая дачка знайшла сваё прызванне ў кулінарыі, працуе поварам на сядзібе.

Калі трэба, Наталля Мікалаеўна сама возіць турыстаў на экскурсіі ў Мінск, Нясвіж, Хатынь. А зусім побач з сядзібай б’е Вітаўская крыніца. Здаўна лічыцца, што вада ў крыніцы дапамагае ад многіх хваробаў. Прыгожа, утульна і ў хаце. Паўсюды кветкі з бісеру, бутэлькі з крупамі, сурвэткі і абрусы з лёну. Вельмі ўразіла старажытная камода, якая змясцілася пры ўваходзе і адным сваім выглядам нагадвае пра гісторыю і славутых майстроў.

— Камодзе больш за 200 гадоў, яна перайшла мне па спадчыне, — з гонарам расказвае гаспадыня. — Раней яна належала бабулі, а ёй дасталася ад яе бабулі.

Тутэйшыя госці пакідаюць пасланні і пажаданні самім сабе, складваюць іх у бутэльцы. Такія “пасланні ў будучыню” захоўваюцца ў гаспадароў, а ў турыстаў узнікае стымул вярнуцца. Пакінулі і мы свае пасланні. Калі прыедзем сюды зноў — пабачым, што новае з’явілася на падворку Наталлі Мікалаеўны.

Нядаўна выбіраліся лепшыя сядзібы Міншчыны. Пераможцы вызначаліся па намінацыях “Зберажэнне беларускіх традыцый”, “Здаровы лад жыцця”, “Зялёная сядзіба”, “Стыль і гармонія”. У намінацыі “За гасціннасць” лепшай стала сядзіба “Аляксандра” — з яе гаспадыняй Наталляй Будзіловіч.

Кацярына Мядзведская
Звязда
9 снежня 2010
 
Дата публикации:10.12.2010
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:5333
 
Ключевые слова:
Агротуризм в Беларуси Агроэкотуризм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме