https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


12 сакрэтаў здаровых ног


Па статыстыцы, варыкоз выяўляюць прыкладна ў 25 % жанчын. Прадстаўніцы цудоўнага полу схільныя да парушэнняў вянознага кровазвароту ў значна большай ступені, чым мужчыны. Прычын таму некалькі.

Наш галоўны "вораг" — жаночы палавы гармон прагестэрон. Ён зніжае тонус вянозных сценак і ўскосным чынам садзейнічае застою крыві ў нагах. Такое ж дзеянне аказваюць і аральныя кантрацэптывы: іх прыём можа справакаваць варыкоз і паскорыць яго развіццё. Часта захворванне пачынае развівацца падчас цяжарнасці: матка, якая павялічваецца ў памерах, сціскаючы вены малога тазу, механічна перашкаджае адтоку крыві з ніжніх канечнасцяў. Не апошнюю ролю адыгрывае любоў да высокіх абцасаў, ботаў з вузкімі цеснымі халявамі. Калі ногі томяцца ў такім "палоне" з дня ў дзень, вены могуць сур`ёзна пацярпець. Калі гаварыць пра фактары рызыкі, агульныя для моцнага і слабага полу, то іх таксама нямала. Лідзіруе тут генетычная схільнасць — слабасць злучальнай тканкі вянознай сценкі перадаецца ў спадчыну. Варыкоз "выбірае" людзей, чыя прафесійная дзейнасць звязана з працяглымі статычнымі нагрузкамі на ногі (выкладчыкаў, цырульнікаў і г.д.), а таксама офісных работнікаў. Сядзячая праца і недастатковая нагрузка на мышцы ног не лепшым чынам адбіваюцца на стане вен. Частыя запоры, эндакрынныя парушэнні, лішняя вага, курэнне і незбалансаванае харчаванне павышаюць шанцы "займець" варыкозную хваробу. На жаль, варыкоз — гэта хранічнае захворванне, і якое пастаянна прагрэсіруе. Але ў нашых сілах прадухіліць яго развіццё.

1. ДЫЕТА СУПРАЦЬ ВАРЫКОЗУ

Перагледзьце свой рацыён

* Выключыце тлустае, салодкае, мучное — кожны лішні кілаграм кладзецца дадатковым бярэмем на вянозную сістэму. Каб яна ўздыхнула больш свабодна, давядзецца скінуць лішкі.

* Пад забаронай мясныя наварыстыя булёны, халадзец, вяндліна, марынады, кансервы (гэтыя прадукты пагаршаюць стан сценак вен і іх клапанаў), а таксама алкаголь, піва і кава (не больш чым кубачак у дзень, лепш з малаком).

* Піце 1,5—2 л вадкасці ў суткі: калі ў арганізм паступае мала вады, кроў становіцца вязкай, што ўскладняе яе прасоўванне па венах.

* Уключайце ў рацыён крыніцы вітамінаў Е і С, якія надаюць венам эластычнасць: зялёны чай, абляпіху, гарох, фасолю, сачавіцу, памідоры, салату, зялёную цыбулю, пячонку, яечны жаўток.

* Карысныя фруктовыя дэсерты і напоі, што ўтрымліваюць вітамін Р (руцін): ён не дазваляе расцягвацца вянозным сценкам — умацоўвае капіляры. На яго багатыя шыпшына, цытрусавыя, чарнаплодная рабіна, чорныя парэчкі, абрыкосы.

* Налягайце на агародніну, садавіну, вотруб’е: раслінная клятчатка прымушае кішэчнік працаваць як гадзіннік і прадухіляе запоры, якія павышаюць ціск у вянознай сістэме.

2. ЗДАРОЎЕ АД ПРЫРОДЫ

Нарыхтоўвайце гаючыя травы

Старажытныя лекары для ўмацавання вен раілі пацыентам піць пабольш настою павітухі. А балгарскія траўнікі рэкамендуюць напой з мускатнага арэха. Для гэтага здрабніце ў кавамолцы мускатны арэх, заліце 1 ч. лыжку парашку 200 мл кіпеню, дадайце 1 ч. лыжку мёду, размяшайце і прымайце па паўшклянкі напою 2 разы на дзень — раніцай і вечарам.

3. ДРЭНАЖНЫЯ ПРАКТЫКАВАННІ

Выконвайце іх пры кожным зручным выпадку

Самы просты спосаб разгрузіць вены — пакласці ногі на крэсла, журнальны столік, калі вы сядзіце, або выцягнуць іх на канапе, падклаўшы падушку. Праўда, ёсць яшчэ больш дзейснае практыкаванне — стаць на карачкі. На думку спецыялістаў, поза на локцях і каленях (грудзі ніжэй за бёдры) садзейнічае адтоку крыві, якая застаялася ў нагах, у значна большай ступені, чым прынятае ў такіх выпадках становішча на спіне з паднятымі нагамі. А найбольшы антыварыкозны эфект дае плаванне ў ластах на жываце з прамымі нагамі і пенапластавай дошкай у выцягнутых руках.

4. ЛЕДЗЯНАЯ ПАЛЁГКА

Паспрабуйце "ажывіць" стомленыя ногі

Пратрыце іх кавалачкам лёду з настоем мяты. Выдалася свабодная хвілінка? Тады выканайце "ледзяны" масаж па ўсіх правілах.

* Сядзьце зручна, падцягнуўшы да сябе нагу, або пастаўце яе на лавачку і нахіліцеся над ёй.

* Не бярыце лёд пальцамі — ён хутка растане. Загарніце яго ў баваўняную сурвэтку, пакінуўшы свабоднай толькі рабочую паверхню. Пагладжвайце скуру, як быццам у вас у руцэ не кавалачак лёду, а маленькі прас. Вадзіце ім прама (знізу ўверх), па крузе (па гадзіннікавай стрэлцы) і рабіце зігзагападобныя рухі.

* Апрацоўвайце ступню, галёнку і бядро спачатку адной, потым другой нагі, удзяляючы кожнай зоне ад 2 да 4 хвілін. Як бы ні любілі вены холад, больш за 5 хвілін ахалоджваць іх нельга, інакш надыдзе стойкае звужэнне падскурных сасудаў, якое звядзе на нішто ўвесь станоўчы эфект працэдуры.

5 ХАЛОДНЫ ДУШ

Аблівайце ногі халаднаватай вадой 1—2 разы на дзень

Нямоцным струменем са шланга (летам) або душа (зімой) прайдзіцеся спачатку ад пальцаў да пятак. Пасля гэтага накіруйце водны струмень уверх па ікраножнай мышцы да яміны пад каленам спачатку па адной галёнцы, затым па другой, а ў апошнюю чаргу — па пярэднім баку кожнай нагі па чарзе ад пальцаў па пад`ёме да калена.

6. ГІМНАСТЫКА ДЛЯ НОГ

Даводзіцца доўга стаяць або сядзець?


Па меры неабходнасці рабіце кароткую размінку для здранцвелых ног, паўтараючы кожнае практыкаванне па 15—20 разоў. Зыходнае становішча — стоячы, рукі ўздоўж корпуса. Падыміцеся на дыбачкі і апусціцеся назад на ўсю ступню, потым станьце на пяткі, а ў канцы перакочвайцеся з пятак на насочкі і назад.

7. SРА ДЛЯ СВАІХ ДВАІХ

Наладзьце марскі курорт у сябе дома

* Здымайце стомленасць і ацёкі ног, прымаючы ванны з марской соллю. Наліце цёплую (38 оС) ваду да сярэдзіны лытак, растварыце 1—2 ст. лыжкі солі і пахадзіце ў гэтым штучным "моры" 5—10 хвілін. Калі марской солі няма, вазьміце звычайную кухонную або прыгатуйце травяныя зборы.

* Змяшайце пароўну кветкі рамонку і лісце трыпутніку. Заварыце 1 ст. лыжку сумесі шклянкай кіпеню, настойвайце 15 хвілін, працадзіце і выліце ў ваду для ванначкі. Можна таксама прыгатаваць ванначкі з сумессю кары вярбы белай і дубу (1:1).

* Змяшайце 1 ч. лыжку ягад ядлоўцу (ён змяншае боль у нагах, які ўзнікае да канца дня) з 2 ст. лыжкамі мяты, мацярдушкі, кветак і лісця лаванды (свежых або сушаных) — гэтыя травы здымаюць напружанне ў мышцах. Насыпце збор у мяшочак са шчыльнай тканіны і апусціце ў ванну з цёплай вадой. Патрымайце ў ёй ногі 10—15 хвілін. Яны ўсё яшчэ баляць? Паспрабуйце выкарыстаць мяшочак з травамі замест кампрэсаў.

8 КАМПРЭСІЙНЫ ТРЫКАТАЖ

Насіце спецыяльныя калготкі

Самым эфектыўным кансерватыўным сродкам лячэння і прафілактыкі варыкознай хваробы медыкі лічаць эластычную кампрэсію — прымяненне спецыяльнага кампрэсійнага трыкатажу (панчох, гольфаў, калготак). Пры нашэнні гэтага трыкатажу забяспечваецца раўнамерны ціск на ніжнія канечнасці, што садзейнічае нармальнай цыркуляцыі крыві і паляпшэнню яе адтоку. Пры гэтым утвараецца своеасаблівы вонкавы "каркас", які падтрымлівае аслабленыя сценкі сасудаў.

Кампрэсійны трыкатаж дзеліцца на два віды: лекавы і прафілактычны. Кожны выраб мае маркіроўку ў міліметрах ртутнага слупка, па якой ён падраздзяляецца на класы ад І да ІV. Пры розных стадыях захворвання выкарыстоўваецца кампрэсія пэўнай сілы. Таму перад набыццём вырабу неабходна пракансультавацца з урачом, бо толькі ён можа правільна падабраць кампрэсійны трыкатаж.

9. ЗРУЧНЫ АБУТАК

Выбірайце правільна туфелькі і чаравікі


Калі прыкметы варыкозу ўжо ёсць, каб запаволіць развіццё хваробы, звяртайце асаблівую ўвагу на абутак. Купляйце боты, туфлі, басаножкі і хатнія тапачкі з супінатарамі або ўкладвайце ў іх спецыяльныя артапедычныя вусцілкі. Аддавайце перавагу абутку, які фіксуе пятку і галёнкаступнёвы сустаў на ўстойлівым невысокім (3—4 см) абцасе.

10. НАЖНЫ АНТЫСТРЭС

Дайце выхад эмоцыям

* Нервовае напружанне, як вядома, пераходзіць у мышачнае: у выніку заціснутыя мышцы бёдраў і галёнак пераціскаюць вены, перашкаджаючы ім выконваць сваю функцыю. Каб венам было лягчэй перапампоўваць кроў знізу ўверх, мускулы павінны не проста расслабіцца, а прыйсці ў рух: тады запрацуе так званая мышачная помпа. Актывізаваць яе дапамагае хада, а таксама практыкаванне "веласіпед".

* Амерыканскія флеболагі (спецыялісты па хваробах вен) раяць у такіх выпадках узбіваць нагамі падушку. Падобная размінка здымае напружанне з ікраножных мышцаў. Проста пакладзіце падушку ў куце пакоя, разуйцеся і пакажыце, на што вы здольныя!

11 ПРАГРАМА ЗАСЦЯРОГІ

Запомніце простыя правілы


* Не захапляйцеся цеплавымі працэдурамі — гарачымі ваннамі і абгортваннямі, лазняй і саўнай: знаходжанне ў іх актывізуе кровазварот, дадаючы венам работы. Не любяць яны таксама пляж і салярый — ультрафіялетавыя промні зніжаюць эластычнасць сценак вен.

* Не насіце вузкае, абцягваючае адзенне, цесны абутак: падобная экіпіроўка сціскае вены ног і парушае цыркуляцыю крыві.

* Пазбягайце значных фізічных нагрузак, звязаных з футболам, вялікім тэнісам, цяжкай атлетыкай.

* Не стаўце цяжкія сумкі на калені, не трымайце доўга на каленях дзяцей. Гэта вельмі шкодна для вен.

12 МАСАЖ ДЛЯ НОГ

Рабіце яго перад тым, як стаць пад душ

Выконваць масаж можна рукамі або з дапамогай спецыяльнай масажнай шчоткі з мяккай шчацінай. Пасля водных працэдур вазьміце мяккі махровы ручнік і лёгкімі рухамі павольна прайдзіцеся па лытках знізу ўверх. Але абавязкова ўлічыце: калі вены ўжо расшыраныя, масаж ног супрацьпаказаны!

Падрыхтавала
Вольга Ккулінковіч
Звязда
25 студзеня 2011

 
Дата публикации:26.01.2011
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:3620
 
Ключевые слова:
Здоровье Варикоз Народные средства Гимнастика для ног Женское здоровье
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме