Цягам тыдня пройдзе залічэнне ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы краіны.
13 жніўня — на бюджэтную форму, 16 — на платную. Але ў верасні, магчыма дазалічэнне на вакантныя месцы.
Пры паступленні ў ССНУ пасля дзевяці класаў абітурыенты здаюць два экзамены: беларускую ці рускую мову і прадмет па спецыяльнасці. У гэтым годзе было прапанавана здаваць пісьмовыя іспыты ў форме цэнтралізаванага задання, распрацаванага Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Яны праходзілі не ў форме цэнтралізавнага тэставання, а ў форме кантрольных работ з заданнямі розных узроўняў. Але тыя ССНУ, якія абралі вусную форму, праводзілі іспыты па ранейшых сцэнарах.
Што да лічбаў, то перавагу ў ССНУ аддавалі цэнтралізаваным заданням.
Рускую ці беларускую мову здавалі ў 103 сярэдніх навучальных установах (пісьмова), матэматыку — у 24 (пісьмова) і 60 (вусна), хімію — у 2 (пісьмова) і 6 (вусна), біялогію — у 2 (пісьмова) і 14 (вусна), замежная мова — у 7 (пісьмова) і 5 (вусна), гісторыю Беларусі — у 2 (пісьмова), сусветную гісторыю — у 1 (пісьмова).
Каля 20 тысяч студэнтаў плануюць прыняць у ССНУ на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Яны падаюць адзін сертыфікат ЦТ па рускай ці беларускай мове і здаюць іспыт па спецыяльнасці.
На спецыяльнасці, дзе летась конкурс не перавысіў 1,5 чалавекі на месца, у гэтым годзе залічэнне будзе праходзіць толькі па сярэднім бале атэстату. Але гэта не тычыцца творчых і спартовых спецыяльнасцяў, на якія іспыты будуць здавацца ў любым выпадку.
Каля 200 чалавек з замежных краін выказалі жаданне атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Беларусі.
Найперш гэта абітурыенты з Расіі і Украіны. Але прыязджаюць і з Туркменіі, Ізраіля, Грэцыі.
Наша Ніва 10 жнiўня 2010
Кастусь Матушыч