https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускамоўная рэклама


Развіццю беларускамоўнай рэкламы перашкаджаюць стэрэатыпы замоўцаў.
Такую думку выказаў дырэктар рэкламнага агенцтва «Янка» Ян Карпаў 7 чэрвеня падчас прэс‑ланчу, які прайшоў у межах фестывалю беларускамоўнай рэкламы «Аднак!».

«Мы можам колькі захочам казаць пра карысць і дзейснасць беларускамоўнай рэкламы, — зазначыў Карпаў. — Але ў нас няма фактаў, няма дакументальна пацверджанай карысці беларускамоўнай рэкламы. Няма агульнанацыянальных статыстычных звестак на гэты конт. А рэкламныя агенцтвы працуюць з рэальнасцю. Як сцвярджае кампанія «Будзьма беларусамі!», 70% насельніцтва гатовы і хацелі б бачыць рэкламу з беларускім кантэкстам, выкарыстаннем беларускіх сімвалаў, гісторыі, культуры, 40% жадаюць бачыць рэкламу на беларускай мове. Але, на жаль, замоўцы рэкламы пра гэта нічога не ведаюць і аддаюць перавагу рэкламе на рускай мове».

Кіраўнік рэкламнага агенцтва Publicis Hepta Аляксандр Васілевіч у сваю чаргу заявіў, што выкарыстанне беларускай мовы робіць любую рэкламную кампанію больш эфектыўнай. «Беларуская мова вельмі падыходзіць для таго, каб зрабіць прадукт больш пазнавальным», — мяркуе ён.

Як зазначыла дырэктар па развіцці інтэрактыўнага агенцтва Red Graphic (Беларусь — Расія) Надзея Зелянкова, рэкламадаўцы разлічваюць на тое, што ў рэкламнай кампаніі іх брэнд будзе «больш зразумелым і пазнавальным». «А паколькі большасць насельніцтва ў Беларусі размаўляюць па‑руску, яны лічаць рускую мову ў рэкламе больш зразумелай для людзей», — сказала Зелянкова.

Такія сустрэчы з дырэктарамі рэкламных агенцтваў пройдуць яшчэ некалькі разоў, паведаміла адна з каардынатараў кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская. Падчас такіх дыскусій рэкламісты абмяркуюць не толькі праблемы выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе, але і змены ў закон аб рэкламе, практычныя аспекты размяшчэння рэкламных матэрыялаў на вуліцах Мінска. Зараз, паводле слоў Шыдлоўскай, для размяшчэння рэкламы на білбордах неабходна прайсці дастаткова цяжкую працэдуру ўзгаднення. «Гэта тычыцца як тэкставага, гэтак і візуальнага афармлення рэкламы», — заўважыла Шыдлоўская.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы «Аднак!» стартаваў 13 мая і будзе доўжыцца да пачатку ліпеня. У межах фестывалю прадугледжана некалькі намінацый — тэлевізійная і кінарэклама, друкаваная і знешняя рэклама, дызайн (паштоўкі, календары, буклеты, лагатыпы, фірменны стыль), інтэрнет‑рэклама (банеры, прома‑сайты, інтэрактыўныя праекты), радыё‑ або аўдыёрэклама.

БелаПАН       7 чэрвеня 2010

 
Дата публикации:07.06.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:9243
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме