Такі Форум адбываецца штогод. Міністэрства замежных спраў Польшчы дае справаздачу пра вынікі сваіх праектаў за мінулы год у Беларусі, Украіне, Грузіі, Афганістане, Сенегале, Камбоджы ды іншых краінах свету.
Гаворыць дырэктар Дэпартаменту супрацы развіцця МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі (Marek Ziółkowski).
Марэк Зюлкоўскі: "Хацелася б звярнуць вашую ўвагу на некалькі дзеянняў, якія мы называем праектамі, што, на нашую думку, могуць прывесці да зменаў, у такіх краінах, як Беларусь, Украіна і іншых краінах-партнёрах".
Пасля афіцыйнай часткі наведвальнікам прапаноўвалі рознага кшталту цікавосткі, у тым ліку дэбаты пра эканамічнае становішча Беларусі, фільм “Галерэя Ады“ Уладзіміра Коласа, дэгустацыю азіяцкай і афрыканскай кухні, шматлікія выставы, воркшопы ды музычныя неспадзяванкі.
Але спачатку лічбы, агучаныя МЗС. У 2009 годзе ва Ўсходняй Еўропе, Афрыцы ды Азіі Польшча рэалізавала амаль 160 праектаў на суму 100 мільёнаў злотых (каля 33 мільёнаў долараў). З іх на беларускія праекты выдаткавала амаль 24 мільёны (8 мільёнаў долараў). Гэта 2-е месца пасля Афганістана ў спісе краінаў, якім дапамагае Польшча, распавялі супрацоўнікі польскага МЗС.

“Мы мелі 100 млн злотых. 35 млн мы прызначалі на праекты ў Афганістане. На другім месцы, можна сказаць, праекты для Беларусі — гэта 24 млн. На трэцім месцы Украіна — 13 млн, пасля Грузія — 7 млн", — падзяліўся статыстыкай Марэк Зюлкоўскі.
Летась польская дапамога для Беларусі канцэнтравалася ў чатырох абласцях: доступ да аб’ектыўнай інфармацыі, пабудова грамадзянскай супольнасці, у тым ліку падтрымка незалежных арганізацый і малога бізнесу, развіццё лакальнага самакіравання і памежнай супрацы, падтрымка ініцыятыў у межах якаснага дзяржаўнага кіравання (good governance).
Намеснік дзяржсакратара МЗС Польшчы, колішні амбасадар у Беларусі Генрык Літвін (Henryk Litwin) паведаміў:
Генрык Літвін: “Наш прыярытэт — гэта безумоўна медыяльная дзейнасць. Апроч гэтага, выдаткоўваюцца сродкі на грамадскія праекты ды на развіццё прыватнага сектара. Аднак няварта чакаць, што польская дапамога будзе тым элементам, што зменіць Беларусь“.
У прыватнай размове з Еўрарадыё сп. Літвін распавёў, чаму Беларусь такая важная краіна для Польшчы.
Генрык Літвін: “Беларусь вельмі важная краіна для Польшчы, таму што — гэта краіна людзей блізкіх нам, з якімі лёгка паразумецца, да таго ж Беларусь — краіна-суседка ў падобным з Польшчай транзітным становішчы ў Еўропе, з якой мы ў значнай ступені маем супольныя інтарэсы. З гэтых прычын Беларусь мусіць быць для нас краінай-прыярытэтам“.
Таксама дзяржсакратар МЗС Польшчы заўважыў, што Беларусь мае даволі добры патэнцыял, каб у бліжэйшым часе увайсці ў склад Еўропы.
Генрык Літвін: “Я думаю, што гэтая краіна мае вялікі патэнцыял у гэтым сэнсе. І гэты патэнцыял можна было б адносна хутка выкарыстаць. Толькі зараз, як вядома, дзяржаўная ўлада рэалізуе канцэпцыю так званага трэцяга шляху — месца паміж заходнім светам і Расіяй. Такая канцэпцыя, безумоўна з розных пунктаў гледжання, зразумелая. Мы, маю на ўвазе Польшча, стараемся прапагандаваць іншую ідэю. Мы лічым, што ідэя інтэграцыі, на самой справе, дае краінам нашых памераў, у нашых умовах і магчымасцях, найлепшую будучыню“.
Даведка Еўрарадыё:
Самыя буйныя беларускія праекты за 2009 год, фінансаваныя МЗС Польшчы:
першае незалежнае тэлебачанне Белсат,
Радыё Рацыя,
беларуская інтэрнэт-бібліятэка “Камунікат.org“,
праект “Без бар’ераў“ - людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадстве Беларусі,
праект падтрымкі прыватных прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць паслугі грамадскага транспарту ў Беларусі.
20 верасня 2010 Лена Сідоза, Варшава
ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ