https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка даручыў завяршыць мадэрнізацыю льняной галіны Беларусі да канца 2014 года


Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання ААТ "Шклоўскі льнозавод" у Магілёўскай вобласці 15-га снежня даручыў да канца 2014 года завяршыць тэхпераўзбраенне прадпрыемстваў ільняной галіны.
Аб  гэтым паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

"Мы павінны ў 2015 годзе мець у краіне 18 прадпрыемстваў, якія выпрацуюць нам 60 тыс. тон ільновалакна высокай якасці і вызначанага памеру, — заявіў Лукашэнка. — Пад іх мы будуем такія льнозаводы".

Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пры стварэнні новых вытворчых ліній неабходна надаваць увагу пытанням лакалізацыі і выкарыстання айчынных матэрыялаў. "У заводзе хаця б 35% павінна быць беларускага, і пабудаваўшы 18 такіх прадпрыемстваў, мы павінны атрымаць не менш чым 60 тыс. тон валакна, з якога мы будзем вырабляць ільняныя тканіны",— адзначыў прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб неабходнасці найхутчэйшага завяршэння мадэрнізацыі на Аршанскім ільнокамбінаце. "Не дай бог сарвяце мадэрнізацыю гэтага льнокамбіната. Праз год вы павінны поўнасцю закончыць, як дамаўляліся. Мы павінны там вырабляць ільняныя тканіны самай высокай якасці. На працягу 2013 — першай паловы 2014 года льнокамбінат павінен быць як цацка", — запатрабаваў Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў, што экспарт гатовых вырабаў "у разы" больш выгадны, чым ільновалакна або зробленай з яго тканіны. "Мы ўмеем шыць сурвэткі, шторы, адзенне, пасцельную бялізну і да гэтага падобнае", — адзначыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваіх даручэннях па павышэнні якасці льна. "Калі не будзе ў наступным годзе выканана маё патрабаванне па сыравіне, наракайце на сябе. Гэта тычыцца перш за ўсё Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. На поўдні мы льна мала вырошчваем", — сказаў Лукашэнка.

"Выснова адна: лён вы вырабляеце кепска. Таму кожнаму губернатару ў наступным годзе персанальнае заданне (як мы гэта рабілі па малочна-таварных фермах, ператвараючы іх у комплексы) — вырасціць добры лён. Ураджайнасць павінна быць 12 ц/га льновалакна і 6 ц/га льнонасення. Для гэтага ўсё ёсць, у тым ліку тэхніка. Не хапае толькі ўвагі да льну, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму лён мы павінны вырасціць. У адваротным выпадку навошта мы наладжвалі ўсю гэтую мадэрнізацыю".

Лукашэнка лічыць, што над павышэннем якасці сыравіны павінны працаваць і вучоныя. Ён выказаў шэраг прэтэнзій у гэтай сувязі ў адрас навуковых арганізацый. Таксама, заявіў прэзідэнт, трэба канчаткова вызначыцца па пытаннях развіцця сыравінных зон і пасяўных плошчаў. "Выбудоўвайце арганізацыйную структуру, прыбірайце лішняе, але за зіму ўсё трэба вызначыць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Наведваючы старыя вытворчыя памяшканні завода, частку з якіх плануецца разбурыць і перадаць тэрыторыю гораду. Лукашэнка сказаў: "Не трэба спяшацца бурыць. Тут ёсць усе сеткі, інфраструктура. Трэба пралічыць, можа, нам у Шклове яшчэ адну лінію паставіць і з Горак і Чавус вазіць сюды сыравіну. Трэба за зіму пралічыць эканоміку, пачынаючы ад сыравінных зон, наяўных збудаванняў і рэсурсаў, аптымізаваць усё з улікам наяўных сродкаў і магчымасцей".

Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што калі будзе складвацца нармальная эканоміка ў пытаннях лагістыкі, то, магчыма, трэба пайсці на канцэнтрацыю і развіццё вытворчасцей у асобных раёнах, пашырыўшы пры гэтым сыравінны зоны.

Сёння ў Беларусі першаснай перапрацоўкай ільну займаюцца 30 юрыдычных асоб, якія маюць 43 вытворчыя плошчы. Праграмай мадэрнізацыі прадугледжана, што ў 2015 годзе будзе 18 высокапрадукцыйных тэхналагічных ліній па выпрацоўцы доўгага і кароткага льновалакна. Чатыры лініі ўжо ўстаноўлены на Дубровенскім, Дварэцкім, Пружанскім і Шклоўскім ільнозаводах.

БелаПАН
Мінск, 15 снежня 2012
 
Дата публикации:15.12.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2183
 
Ключевые слова:
Модернизация Льнопереработка Шклоў Магілёўшчына Беларускі Лён
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме