https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Заслаўі адбываецца пасяджэнне саюзнага ўрада


Беларуска-расійскія перамовы ў пашыраным складзе пачаліся пасля сустрэчы прэм`ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Міхаіла Мясніковіча ў вузкім фармаце.
Удзельнікі пасяджэння павінны абмеркаваць больш за 20 пытанняў.

Паводле звестак прэс-службы Пастаяннага камітэта СД, плануецца абмеркаваць справаздачу аб выкананні бюджэту СД за 2011 год, балансы паліўна-энергетычных рэсурсаў і прагнозныя балансы попыту і прапановы па найважнейшых відах прадукцыі СД на 2012 год, канцэпцыю сацыяльнага развіцця СД да 2015 года.

Да ўвагі дэлегацый таксама будуць пададзены праекты канцэпцый саюзных праграм у сферы пагранічнай бяспекі, распрацоўкі касмічных і наземных сродкаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі, інавацыйнага развіцця вытворчасці бульбы і тапінамбура, інавацыйных тэхналогій і тэхнікі для вытворчасці канкурэнтаздольных кампазіцыйных матэрыялаў, матрыц і армавальных элементаў.

Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць ход працы па правядзенні ўзгодненай палітыкі ў галіне тэхнічнага рэгулявання, стандартызацыі і метралогіі, а таксама вынікі выканання навукова-тэхнічнай саюзнай праграмы "Распрацоўка і выкарыстанне праграмна-апаратных сродкаў ГРІД-тэхналогій і перспектыўных высокапрадукцыйных (суперкамп`ютарных) вылічальных сістэм сямейства "СКІФ".

Чакаецца прыняцце рашэнняў па пытаннях, звязаных з працай СМІ Саюзнай дзяржавы, і іншых арганізацыйных пытаннях.

Найважнейшым вынікам пасяджэння стане падпісанне генеральнага кантракта на будаўніцтва Расіяй беларускай атамнай электрастанцыі.

У "Заслаўе" Дзмітрый Мядзведзеў прыбыў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Перад пачаткам перамоў з беларускім кіраўніком ён паведаміў, што на пасяджэнні саюзнага Саўміна плануецца абмеркаваць пытанні эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, узаемадзеяння ў абароннай, гуманітарнай сферах.

"У цэлым мы лічым, што нашы адносіны знаходзяцца на вельмі добрым узроўні, ёсць узаемаразуменне практычна па абсалютнай большасці наяўных спраў. Вядома, ёсць і нейкія пытанні, якія так ці інакш узнікаюць. Гэтаму мы прысвецім сённяшні кароткі, але насычаны візіт", — сказаў Мядзведзеў.

Вечарам 17 ліпеня крыніца ў расійскай дэлегацыі паведаміла журналістам, што падчас перамоў з Лукашэнкам Мядзведзеў плануе абмеркаваць, у тым ліку, праблему экспарту Беларуссю растваральнікаў і разбавіцеляў, атрыманых з бяспошлінна пастаўленай расійскай нафты.

"Тэма ўзнімацца будзе, бо зразумела, што такое нечаканае нарошчванне экспарту, такія даныя, якія даступныя, выклікаюць пытанні", — паведаміла крыніца, нагадаўшы пра існаванне двухбаковага пагаднення, якое рэгулюе пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў.

"У нас ёсць пытанні, і мы хочам атрымаць на іх адказы, магчыма, беларускі бок на ўсе пытанні дасць пазітыўныя адказы, тады неабходнасці ў рэакцыі не будзе. Ніхто гэту тэму ў асфальт не збіраецца зараўноўваць, гэта тэма сур`ёзная", — падкрэсліла крыніца.

Раней расійскія афіцыйныя асобы неаднаразова выказвалі заклапочанасць тым, што Беларусь экспартуе нафтапрадуктаў больш, чым іх можна выпрацаваць з пастаўленай нафты. Таксама выказваліся падазрэнні, што Мінск экспартуе нафтапрадукты пад выглядам арганічных растваральнікаў з мэтай ухілення ад выплаты экспартных пошлін у расійскі бюджэт.

Расія, Беларусь і Казахстан у снежні 2010 года падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, што дазволіла Мінску бяспошлінна атрымліваць расійскую нафту і нафтапрадукты. Пры гэтым ён узяў абавязак пералічваць у расійскі бюджэт 100% экспартных пошлін на нафтапрадукты з расійскай сыравіны, якія пастаўляюцца за межы Мытнага саюза. Прычым разбавіцелі і складаныя растваральнікі не ўнесены ў пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплачваецца вывазная пошліна.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Заслаўе, 18 ліпеня 2012
 
Дата публикации:18.07.2012
Тематика:Бизнес, Союзное государство
Просмотров:2382
 
Ключевые слова:
Нефтепереработка Мытны саюз Беларусь-Россия Заслаўе
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме