https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Праваахоўныя органы Беларусі выявілі сістэму крадзяжу мінеральных угнаенняў з наступным вывазам іх у краіны ЕС


Спынена дзейнасць злачынных груп па арганізацыі ценявога рынку калійных угнаенняў.
Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі ў межах рэалізацыі мерапрыемстваў па арганізацыі эканамічнай бяспекі краіны выяўлена разгалінаваная сістэма крадзяжу мінеральных угнаенняў з наступным вывазам у краіны ЕС і іншыя дзяржавы.

Як паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ, у адпаведнасці з распараджэннем прэзідэнта Камітэтам дзяржбяспекі ва ўзаемадзеянні з Камітэтам дзяржкантролю праведзена праверка парадку рэалізацыі калію на ўнутраным рынку, падчас якой былі выяўлены факты нямэтавага выкарыстання ўгнаенняў і ўцягвання іх у ценявы абарот. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што ў краіне дзейнічаюць не менш як чатыры злачынныя групы, якія ажыццяўляюць незаконны вываз калійных угнаенняў, што набываюцца у лік квот, якія выдзяляюцца дзяржавай сельгаспрадпрыемствам на правядзенне веснавых палявых работ. Нягледзячы на тое што ў адпаведнасці з нарматыўнымі інструкцыямі для набыцця калійных угнаенняў па льготнай цане патрабуецца прадастаўленне пакета ўзгодненых дакументаў, злачынцам удавалася закупляць іх у значных колькасцях у абыход устаноўленага парадку і на мэты, не звязаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі.

Угнаенні, што набываліся праз падстаўныя суб`екты гаспадарання Беларусі ў раённых арганізацыях аграсэрвісу і фермерскіх гаспадарках Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей, вывозіліся ўдзельнікамі злачынных груп у краіны Еўрасаюза па падложных таварасуправаджальных дакументах, згодна з якімі тавар быў выраблены ў Расіі і належаў расійскім кампаніям. Афармленне мытных дакументаў таксама рабілася на тэрыторыі РФ.

Фактычна калій набываўся па цане 12-20 долараў ЗША за тону, а рэалізоўваўся за мяжу па 350-400 долараў ЗША. Паводле наяўных звестак, у выяўленую ценявую схему продажу ўгнаенняў за межы краіны, што дзейнічала з 2010 года, было ўцягнута 11 райаграсэрвісаў і 10 фермерскіх гаспадарак. Выкарыстоўваліся складскія памяшканні ў Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.

Для спынення супрацьпраўнай дзейнасці быў праведзены комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, у выніку якіх 6 красавіка КДБ у пункце мытнага афармлення "Каменны Лог" былі затрыманы з доказам злачынства шэсць вялікагрузных аўтамабіляў пры спробе вывазу злачыннай групай у Літву 200 тон калійных угнаенняў. У дачыненні да арганізатараў схемы распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 228 (замах на кантрабанду) КК.

Устаноўлена, што ў мэтах рэалізацыі сваёй злачыннай задумы ўдзельнікамі групы загадзя ажыццяўлялася рэгістрацыя падстаўных камерцыйных структур у Смаленскай вобласці. На тэрыторыі Беларусі і Расіі мэтанакіравана арандаваліся складскія памяшканні для канцэнтрацыі набытых аб`ёмаў калійных угнаенняў. Перавозку ажыццяўлялі экспедыцыйныя фірмы, зарэгістраваныя ў Беларусі, Польшчы, Літве, Расіі. Выкарыстоўваўся ў тым ліку чыгуначны транспарт.

Частка калійных угнаенняў без афармлення адпаведных бухгалтарскіх дакументаў вывозілася ў Смаленскую вобласць. Пры гэтым перавозчыкі з самага пачатку папярэджваліся, што фактычны рух тавару не супадае з дакументальным, а вадзіцелям адпрацоўвалася адпаведная лінія паводзінаў на выпадак іх праверкі кантралюючымі службамі пры руху па маршруце. Фінансаванне супрацьпраўнай дзейнасці ажыццяўлялася з выкарыстаннем больш як 20 ілжэпрадпрымальніцкіх структур.

Падчас праведзеных аператыўна-следчых дзеянняў устаноўлена, што ў супрацьпраўную дзейнасць у рознай ступені было ўцягнута не менш як 40 чалавек. Дзесяць найбольш актыўных фігурантаў справы зараз арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ. Падчас неадкладных следчых дзеянняў выяўлены загадзя вырабленыя падложныя таварасуправаджальныя дакументы. На складскіх плошчах толькі ў Мінскай вобласці арыштавана больш як 2 тыс. тон хлорыстага калію; змешчаны на штрафстаянку шэсць аўтацягнікоў, якія выкарыстоўваліся пры яго перавозцы і якія знаходзяцца ва ўласнасці расійскіх і літоўскіх кампаній.

Як зазначаюць у КДБ, аналіз ужо атрыманых дакументальных і аператыўных матэрыялаў сведчыць пра шырокія маштабы злачыннай дзейнасці згаданых груп: аб`ём угнаенняў, якія вывозіліся штогод, складаў не менш як 30 тыс. тон. Так, толькі за 2011 год рэспубліка без уліку падатку на дадзены кошт недаатрымала выручкі ў суме 108,9 млрд. рублёў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 29 мая 2012
 
Дата публикации:29.05.2012
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2289
 
Ключевые слова:
Криминал Калийные удобрения КГБ Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме