Нагадаю, што калі летась сусветны крызіс і новы кошт замежнай валюты даволі моцна ўдарылі па кішэні бескватэрных жыхароў сталіцы, гэта выклікала і істотнае патанненне арэнды прыватнага жылля ў доларавым эквіваленце. Гэтай вясной на рынку арэнды Мінска назіраецца ўжо зусім іншая тэндэнцыя, бо цэннікі на здымнае жыллё пачалі павялічвацца. Чаму?
Стандартныя аднапакаёўкі — за 220—250 USD
Як паведаміла карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзела арэнды Цэнтра гандлю нерухомасцю "ПАКАДАН" Аксана Лукашэвіч, у апошнія два месяцы на сталічным рынку арэнды істотна скарацілася прапанова здымных кватэр. Калі зімой летась база агенцтва штодзень павялічвалася прыкладна на 80—100 кватэр, то цяпер да слабенькай прапановы ў дзень прыплюсоўваюцца не больш як 2—3 жылыя памяшканні ад новых гаспадароў. Уладальнікі свабодных "метраў" даволі хутка "разгледзелі" дэфіцыт на рынку і пачалі павялічваць кошты на сваё жыллё. Нават самыя слабенькія аднапакаёўкі пачалі прапаноўвацца кватарантам па кошце не ніжэй за 220—230 долараў. Звычайныя аднапакаёвыя кватэры бюджэтнага варыянту (стандартны набор мэблі, халадзільнік і тэлевізар) не вельмі далёка ад станцый метро ў любым раёне каштуюць ужо ад 230 да 250 долараў. Яшчэ два тыдні таму будучыя кватаранты на такія кватэры амаль не звярталі ўвагі, аднак... Таннейшага здымнага жылля сёння на рынку амаль няма.
Прыкладна на 20—30 долараў павялічыўся цэннік і на арэнду двухпакаёвак. Цяпер сярэдні кошт арэнды стандартных двухпакаёвых кватэр у любым раёне складае 250—270 долараў. Аднак кватэр нават па такім кошце зараз на рынку не хапае.
Невялікім попытам карыстаюцца на рынку трохпакаёвыя кватэры, кошты на якія істотна не павялічыліся — каля 270—300 долараў. Але ў трохпакаёвых кватэр ёсць свой сур`ёзны мінус — за камунальныя паслугі тут трэба плаціць больш.
Пачалі з`яўляцца на рынку і сезонныя кватэры, калі гаспадары такога жылля з мая па кастрычнік жывуць на дачах. Такія "бабульчыны" кватэры сумнеўнай якасці звычайна часова здымаюць студэнты-завочнікі або тыя гаспадары жылля, дзе ажыццяўляецца рамонт. Сезоннае жыллё на лета каштуе ўжо танней — прыкладна 170—180 долараў, як за аднапакаёўку, так і за двухпакаёвую кватэру.
Ёсць сёння на рынку і якасныя маленькія кватэры, дзе ёсць сучасная кухня, добры рамонт і пральная машына ў камплекце. Калі летась жыллё такога класу было ў наяўнасці па 350—400 долараў, то цяпер яно здаецца ўжо часам па 400—550 долараў. Дзіўна, але і жылля па такім кошце сёння на сталічным рынку не хапае.
Студэнцкага буму не будзе, але арэнда падаражэе
Вопыт мінулага года паказвае, што студэнты ўжо не здымаюць аднапакаёвых кватэр. Кіраўніцтва дэканатаў і студэнцкіх гарадкоў пачало больш актыўна прапаноўваць першакурснікам ложка-месцы ў інтэрнатах або пакойчыкі ў правераных кватэрах. Старэйшыя студэнты аб`ядноўваюцца ў кампаніі па 3—4 чалавекі і здымаюць вялікія трохпакаёвыя кватэры, калі на аднаго кватаранта цэннік арэнды складае да 100 долараў. Нягледзячы на тое, што студэнты вялікай канкурэнцыі астатнім патэнцыйным кватарантам ужо не робяць, але ў другой палове лета іх невялікая актыўнасць выклікае на рынку штучны ажыятаж. Цяпер мы назіраем той факт, што пэўная колькасць гаспадароў свабоднага жылля свае кватэры не здае, а рыхтуе іх для "часу пік" у жніўні і верасні. Цяпер такое жыллё рамантуюць, дадаткова купляюць мэблю, сучасныя халадзільнікі і пральныя машыны. Відавочна, што потым падобнае жыллё будзе каштаваць ужо больш.
Аксана Лукашэвіч упэўнена, што калі сітуацыя з дэфіцытам здымных кватэр будзе і надалей працягвацца, то ўжо ў трэцяй дэкадзе ліпеня кошт арэнды аднапакаёвых кватэр істотна павялічыцца — прыкладна да 280—300 долараў. Мінімальная арэнда двухпакаёвых кватэр будзе каштаваць 320—350 долараў. Паводле разлікаў экспертаў, такія завышаныя кошты на арэнду прыватных кватэр будуць трымацца да таго часу, пакуль на рынку не адбудзецца істотнае павелічэнне колькасці прапановы.
Сяргей Куркач
Звязда, 24 мая 2012