Паводле слоў міністра, летась адбыўся конкурс па выбары пастаўшчыка тавараў (работ, паслуг), неабходных для стварэння нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, па выніках якога вызначаны пераможца. Створана закрытае акцыянернае таварыства "Нацыянальны аператар спадарожнікавай сувязі і вяшчання", якое цяпер распрацоўвае бізнес-план інвестыцыйнага праекта.
"Стварэнне нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі на базе ўласнага спадарожніка дазволіць укараніць новыя тэхналогіі, павялічыць экспартны патэнцыял краіны", — сказаў Панцялей.
У лютым гэтага года на нарадзе ва ўрадзе міністр паведамляў аб падрыхтаваным бізнес-плане праекта па стварэнні спадарожніка сувязі. Дакумент праходзіць неабходныя працэдуры ўзгаднення. "У цэлым праца на стадыі аналізу перспектыў праекта з пункту гледжання яго акупнасці", — цытавала Панцялея прэс-служба ўрада. Тэхнічныя спецыялісты праводзяць аналіз умоў рэалізацыі праекта з улікам заяўленых рэжымаў працы спадарожніка на канкрэтнай арбітальнай пазіцыі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 4 красавіка 2012