Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, 25 сакавіка на мытны пост "Беняконі" прыбыў грузавы аўтамабіль маркі "Вольва", якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Згодна з дакументамі аўтамабіль перавозіў 19 тон "зборнага грузу": насенне лясных дрэў, фарфоравыя попельніцы, фарбу і інш. Пры правядзенні аперацый мытнага кантролю з выкарыстаннем інспекцыйнага надгляднага комплексу (ІНК) апрача заяўленых тавараў у прычэпе былі знойдзены дадатковыя грузавыя месцы, не ўказаныя ў таварасуправаджальных дакументах.
Падчас мытнага надгляду транспартнага сродку ўстаноўлена, што акрамя заяўленага тавару ў грузавым адсеку перавозіцца буйная партыя адзення. На сукенкі, абутак, біжутэрыю таварасуправаджальныя дакументы адсутнічалі.
Груз агульнай вагой больш за 3 тоны папярэднім коштам звыш 6 млрд. рублёў затрыманы. Па факце выяўленага правапарушэння праводзіцца праверка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск 28 сакавіка 2012