Візыт распачынаецца сёньня. Гэта першая афіцыйная замежная паездка Гаўка на новай пасадзе.
Напярэдадні ў размове з журналістамі Ёахім Гаўк адзначыў, што пасьля падзеньня Бэрлінскага мура, які падзяляў Эўропу на свабодную і несвабодную, свабода, бясьпека, права і дабрабыт павінны запанаваць на ўсім кантынэнце, у прыватнасьці ва Ўсходняй Эўропе і найперш у Беларусі. «Менавіта такім чынам мы хочам працаваць у рамках «Усходняга партнэрства ЭЗ», — дадаў Гаўк.
Паведамляецца, што прэсавая канфэрэнцыя Ёахіма Гаўка па выніках паездкі ў Польшчу адбудзецца ў аўторак.
Прыняўшы 23 сакавіка прэзыдэнцкую прысягу, 72-гадовы Ёахім Гаўк — былы лютэранскі пастар, актывіст праваабарончага руху і актыўны ўдзельнік антыкамуністычнай рэвалюцыі ў ГДР — стаў 11-м ачольнікам дзяржавы з часоў Другой усясьветнай вайны. Ёахім Гаўк замяніў на пасадзе прэзыдэнта Крысьціяна Вульфа, які падаў у адстаўку з-за карупцыйнага скандалу.
Пасада прэзыдэнта ў Нямеччыне мае збольшага прадстаўнічыя функцыі.
Радыё Свабода
26 сакавіка 2012