Дакументам прадугледжана, што пры прадаўжэнні работы без атрымання дзяржаўнай пенсіі па ўзросце пасля набыцця права на яе памер пенсіі прагрэсіўна павялічваецца:
за першы год — на 6 працэнтаў заробку, які прымаецца для вылічэння пенсіі;
за два гады памер павышэння складзе 14 працэнтаў (павышэнне на 8 працэнтаў за другі год работы падсумоўваецца з павышэннем на 6 працэнтаў за першы год);
за тры гады — 24 працэнты (14 працэнтаў за два гады плюс 10 працэнтаў за трэці год);
за чатыры гады — 36 працэнтаў (24 працэнты за тры гады плюс 12 працэнтаў за чацвёрты);
за пяты і кожны наступны год прадугледжваецца павышэнне памеру пенсіі на 14 працэнтаў заробку, якія таксама падсумоўваецца з працэнтамі павышэння, устаноўленымі за папярэдні перыяд (за 5 гадоў — 50 працэнтаў, за 6 гадоў — 64 працэнты).
У адпаведнасці з раней дзеючым заканадаўствам прадугледжвалася павышэнне памеру пенсіі па ўзросце за работу пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту без атрымання пенсіі на 1 працэнт заробку, які прымаецца для вылічэння пенсіі, за кожныя 2 поўныя месяцы такой работы. Так, калі жанчына, якая мае стаж работы 37 гадоў, выйшла на пенсію ў 55 гадоў, то памер яе пенсіі складзе Br1401 тыс. Пры звароце праз 5 гадоў пасля надыходу пенсійнага ўзросту памер яе пенсіі пры раней дзеючай норме павялічыўся б на Br642 тыс., або на 45,8 працэнта, і склаў бы Br2043 тыс. У адпаведнасці з новымі нормамі яе пенсія за адкладзены выхад на 5 гадоў узрасце на Br1031 тыс., або на 73,6 працэнта, і будзе складаць Br2433 тыс.
Акрамя таго, у адпаведнасці з указам павялічыцца выплата па ўжо набытых правах на павелічэнне памеру пенсіі за адкладзены выхад на яе.
Указам таксама прадугледжваецца пры вылічэнні заробку для працоўнай пенсіі ўлічваць залічаныя ў стаж работы перыяды дзейнасці, на працягу якіх не праводзілася выплата абавязковых страхавых узносаў у фонд.
У адпаведнасці з заканадаўствам пры вылічэнні пенсіі ў стаж нараўне з работай, калі праводзіцца выплата ўзносаў, уключаюцца перыяды іншай дзейнасці, на працягу якіх узносы не выплачваюцца (ваенная служба, вучоба на дзённай форме атрымання адукацыі, догляд дзяцей, інвалідаў І групы і састарэлых, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту). Пры вызначэнні заробку такія перыяды прапускаюцца.
З улікам таго, што пры вылічэнні пенсій кожны год стажу ацэньваецца ў працэнтах ад заробку, а заробкі ва ўсіх розныя, то аднолькавыя па сваім змесце перыяды маюць у пенсіі розную вартасць.
Указам устаноўлена адзіная вартасць усіх перыядаў без выплаты ўзносаў пры назначэнні пенсіі і ўключэнне такіх перыядаў пры разліку заробку.
Як растлумачылі ў прэс-службе, устанаўленне больш важкай даплаты за адкладзены зварот па пенсію, уніфікацыя вартасці перыядаў без выплаты ўзносаў і ўключэнне іх пры разліку заробку ў комплексе будуць садзейнічаць зніжэнню прытоку пенсіянераў і павышэнню эфектыўнасці дзяржаўных расходаў.
Гэтыя нормы будуць распаўсюджвацца на сённяшніх работнікаў, якія яшчэ фарміруюць свае правы на пенсійнае забеспячэнне.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Звязда, 20 сакавіка 2012