Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна вызначыць падыходы, якія дапамогуць падняць узровень супрацоўніцтва ў гэтым праекце. "Мы абавязаныя знайсці тыя прарыўныя кірункі, якія дазволяць гаварыць пра добрую дынаміку ў развіцці Саюзнай дзяржавы", — адзначыў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка падкрэсліў, што "нядаўна гутарыў з абраным прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным". "І першая фраза, якую ён сказаў, была: "Нам трэба развіваць нашу інтэграцыю, быць бліжэй адзін да аднаго", — сказаў Лукашэнка.
Рыгор Рапота адзначыў, што для яго вельмі важнае меркаванне беларускага прэзідэнта, каб правільна выбудоўваць працу выканаўчых органаў, таму што Лукашэнка ўзначальвае Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, цяпер праводзіцца аналіз сітуацыі, звязанай з актывізацыяй працы ў АЭП. "Мы павінны разумець месца нашай Саюзнай дзяржавы ў гэтай інтэграцыйнай канструкцыі і ў цэлым у СНД", — сказаў Рыгор Рапота.
Акрамя таго, адзначыў ён, таксама аналізуецца сітуацыя, звязаная з уваходжаннем Расіі ў СГА, каб для Саюзнай дзяржавы гэта было на карысць.
Гаворка на сустрэчы таксама ішла пра неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у такіх сферах, як высокія тэхналогіі, мікраэлектроніка, асваенне космасу, нафтахімія, цяжкае і сельгасмашынабудаванне, сельская гаспадарка.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, найбліжэйшым часам павінен адбыцца саюзны Саўмін, на парадак дня якога будуць вынесеныя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а ў другой палове года плануецца правесці вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы, тэрміны якога вызначаць кіраўнікі дзяржаў.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 15 сакавіка 2012