https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Урад Беларусі просіць партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі з боку ЕС і ЗША.


Як паведаміла крыніца ў Савеце міністраў, ліст з такой просьбай накіраваў віцэ-прэм`ер Сяргей Румас старшыні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктару Хрысценку.
Румас прапануе разгледзець гэта пытанне на чарговым пасяджэнні савета ЕЭК.

У Еўразійскай эканамічнай камісіі ліст з Мінска пакуль не атрымлівалі, паведаміў прадстаўнік калегіі АЭК Станіслаў Зуеў. Паводле яго слоў, найбліжэйшае пасяджэнне савета ЕЭК павінна прайсці ў Маскве 22 лютага.

Дагавор аб стварэнні ЕЭК быў падпісаны прэзідэнтамі Беларусі, Казахстана і Расіі ў лістападзе 2011 года. Еўразійская эканамічная камісія — наднацыянальны орган, які кіруе інтэграцыйнымі працэсамі ў фарматах Мытнага саюза і АЭП. Узначальвае яе Хрысценка. Камісія складаецца з савета і калегіі. У склад калегіі ўваходзяць па тры прадстаўнікі ад кожнай дзяржавы, а ў склад савета — па віцэ-прэм`еру ад урада кожнай краіны. Старшынёй савета АЭК з`яўляецца Румас.

Нагадаем, 10 лютага гэтага года Савет Еўрасаюза прыняў пастанову, якая пашырае магчымасці прымянення санкцый у дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, датычных да парушэнняў асноўных правоў і свабод. "Прынятыя папраўкі пашыраюць крытэрыі для прымянення абмежавальных мер і замарожвання актываў, — паведаміла прэс-служба Савета ЕС. — Згодна з дакументам, такія санкцыі могуць быць прыняты да асобы, адказнай за сур`ёзныя парушэнні правоў чалавека ці рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, а таксама асоб і прадпрыемстваў, якія атрымліваюць выгаду ці падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі".

Чакаецца, што пытанне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска Савет міністраў ЕС абмяркуе 27 лютага.

Санкцыі ЗША дзейнічаюць у дачыненні да дзяржканцэрна "Белнафтахім" і чатырох буйных беларускіх дзяржпрадпрыемстваў — ААТ "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно" і "Нафтан". У жніўні 2011 года офіс прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША заявіў: "Злучаныя Штаты сумесна з еўрапейскімі партнёрамі будуць сачыць за развіццём падзей у Беларусі і прымаць меры ў дачыненні да асоб, адказных за задушэнне асноўных свабод і падрыў вяршэнства закону".

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 14 лютага 2012
 
Дата публикации:14.02.2012
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2816
 
Ключевые слова:
Беларусь-США Санкции Товары из Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме