"Прынятыя папраўкі пашыраюць крытэрыі для прымянення абмежавальных мер і замарожвання актываў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета па выніках яго пасяджэння 10 лютага. — Згодна з дакументам, такія санкцыі могуць быць прымененыя да асобы, адказнай за сур`ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, а таксама асобы і прадпрыемствы, якія атрымліваюць выгаду або падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі".
Як паведамлялася, на 27 лютага запланавана пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў ЕС, на якім будзе разглядацца пытанне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта паведаміў 9 лютага на сустрэчы са сваякамі палітзняволеных у Мінску дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца пытанне аб уключэнні ў спіс яшчэ 135 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы павінны быць замарожаныя.
Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях да Беларусі было прынята Саветам ЕС 31 студзеня 2011 года ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаныя.
Першапачаткова ў спісе было 158 імён. Потым Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і зараз уезд у ЕС забаронены больш як 200 беларускім чыноўнікам.
23 студзеня 2012 года міністры замежных спраў краін ЕС абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і вырашылі пашырыць крытэрыі ўключэння беларускіх чыноўнікаў у спіс асоб, якія падпадаюць пад санкцыі.
Варта зазначыць, што ў апошнія тыдні тэма еўрапейскіх санкцый да беларускіх чыноўнікаў актыўна абмяркоўваецца ўнутры Беларусі. Прычынай стала ініцыятыва арганізацыі "Офіс за дэмакратычную Беларусь", якая лічыць, што спіс неўязных трэба перагледзець і ўдакладніць крытэрыі ўнясення ў яго.
"Паколькі не падобна на тое, што Еўрасаюз увядзе эканамічныя санцыі для ціску на ўлады Беларусі, шэраг беларускіх арганізацый і грамадзян мяркуюць, што змяненне спісу візавых санкцый можа паскорыць працэс вызвалення палітзняволеных", — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
"Офіс за дэмакратычную Беларусь" прапанаваў ЕС перагледзець цяперашні спіс, а таксама прапанаваў пералік прозвішчаў, якія можна з яго выключыць. У заяве гэтыя прозвішчы не называюцца. "Перагляд спісу дасць ясны сігнал, што ЕС не спрабуе ізаляваць Беларусь", — патлумачылі сваю пазіцыю ў Офісе.
Пры гэтым у заяве падкрэслівалася: адначасова з выключэннем са спісу адных чыноўнікаў у яго варта дабавіць іншых, напрыклад тых, хто нясе адказнасць за змяненні, якія робяць больш жорсткімі ўмовы дзейснасці ў Беларусі грамадскіх арганізацый і правядзення масавых мерапрыемстваў.
Многія ў Беларусі рэзка раскрытыкавалі ініцыятыву "Офіса за дэмакратычную Беларусь".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 12 лютага 2012